Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лістапада 1999 г.


Сяргей Шупа, Прага

"Сямён Шарэцкі просіць Захад: ратуйце незалежнасьць". Так назваў свой артыкул у польскай "Gazecie Wyborczej" карэспандэнт газэты ў Вашынгтоне Барташ Вэнглярчык.

"Gazeta Wyborcza" атрымала копію ліста, які старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі нядаўна скіраваў да лідэраў ЗША, Вялікабрытаніі й Расеі і пра які свайго часу ўжо гаварылася ў перадачах Радыё Свабода.

Карэспандэнт Gazety Wyborczej у Вашынгтоне Барташ Вэнглярчык пацікавіўся рэакцыяй на мэмарандум Шарэцкага ў амэрыканскіх афіцыйных колах і пазнаёміў чытачоў газэты з вынікамі сваіх запытаў.

Так, паводле атрыманай ім інфармацыі, Беларусь і Расея ў самым блізкім часе падпішуць чарговыя дамовы аб яшчэ большым палітычным збліжэньні паміж Масквой і Менскам. Гэтыя дамовы будуць датычыць вайсковага супрацоўніцтва і ўлучаць у сябе пастанову аб уаднастаеньні сыстэмы закупаў для войска абедзьвюх дзяржаваў а таксама аб утварэньні супольнай вайсковай адзінкі.

Добра паінфармаваныя крыніцы ў амэрыканскім урадзе пацьвердзілі "Gazecie Wyborczej", што мэмарандум Шарэцкага «быў прыняты з увагай, але яшчэ зарана, каб на яго рэагаваць». Белы Дом разважае над рознымі магчымасьцямі ўзьняцьця на сустрэчы ў Стамбуле тэмы парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Магчыма, хоць гэта й малаверагодна, прэзыдэнт Клінтан спаткаўся б з групай беларускіх апазыцыянераў. Вашынгтон надалей забараняе сваім дыпляматам і прадстаўнікам усялякія сустрэчы на высокім узроўні з прадстаўнікамі Лукашэнкавага рэжыму.

Адзіным выняткам быў схаваны ад публічнасьці нядаўні ліст кіраўніцы амэрыканскай дыпляматыі Мэдлін Олбрайт Аляксандру Лукашэнку, у якім яна напісала надзвычай вострай як для дыпляматаў мовай наступнае: «без паляпшэньня стану правоў чалавека ня можа быць і гаворкі пра паляпшэньне дачыненьняў паміж нашымі краінамі».

Вынікам гэтай тупіковай для Лукашэнкі сытуацыі, - піша карэспандэнт "Gazety Wyborczej", спасылаючыся на думку беларускай апазыці і незалежных аналітыкаў у Вашынгтоне, могуць стацца яшчэ большыя намаганьні Менску ў далучэньні Беларусі да Расеі

XS
SM
MD
LG