Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лістапада 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Учора ў Беларусі на чвэрць павышаныя цэны на гарэлку айчыннае вытворчасьці.

Пра тое, што гарэлка ў чарговы раз падаражэла, я даведаўся ўраніцу па гучнай лаянцы ў краме. Апошнімі словамі лаяў прадаўшчыцу, начальнікаў і Лукашэнку пашарпанага выгляду нецьвярозы мужычок, які, напэўна, яшчэ да адкрыцьця крамы стаяў ля зачыненых дзьвярэй, заціснуўшы ў кулак дакладна падлічаную 381 тысячу рублёў на пляшку самае таннае гарэлкі – "Два буслы". Аказалася, "Два буслы" з раніцы каштуюць ужо амаль 500 тысячаў, што для апанаванага смагаю мужычка стала відавочнай жыцьцёвай драмаю.

Іншая публіка на зьяўленьне новых цэтлікаў рэагавала млява. Бальшыня людзей увогуле прыцярпелася й да таго, што лічбы на цэтліках нагадваюць тэлефонныя нумары, і да таго, што нумары гэтыя запамінаць бессэнсоўна, бо яны мяняюцца штодня. Гэтак сама, як прызвычайліся да бруду ў пад'ездах, штурханіны ў тралейбусе й хамства ў чэргах.

Апошні раз цэны на гарэлку айчыннае вытворчасьці сур'ёзна падвышаліся ўсяго тры тыдні таму, калі ўлады змагаліся з чарговым гарэлачным дэфіцытам. Дэфіцыт быў пераможаны ненадоўга: у апошні тыдзень у беларускіх крамах зноў можна было назіраць доўгія чэргі, як толькі на паліцах зьяўлялася гэтак званая "белая" гарэлка.

Гарэлка ў Беларусі ўжо даўно стала стратэгічным прадуктам. Лукашэнкава згадка пра "чарку й шкварку" – гэта візітоўка ўлады, уяўленьне пра дабрабыт беларуса й пра ягоныя жыцьцёвыя памкненьні. Гарэлка павінна быць даступнай, інакш гэты ідэал азмрочыцца.

І нават сама абсурдная сытуацыя, калі гарэлка час ад часу зьнікае і па яе трэба выстойваць даўжэзныя чэргі – таксама на карысьць ідэалу. Бо што гэта за вялікая мэта, калі за яе ня трэба змагацца.

І ўлада змагаецца. Барацьба з дэфіцытам – гэта абавязковыя нарады й палымяныя прамовы, гэта "адкручваньне" цэнаў і рытуальныя наведваньні крамаў, гэта дэманстратыўныя адстаўкі й антыкрызысныя штабы. Гэта вялікая імітацыя народнае палітыкі – гэткай, як яе разумее Лукашэнка.

Калі б гарэлка зьявілася раз і назаўжды (і па стабільных коштах) – увесь гэты рытуал страціў бы сэнс. І ня было б на чым ствараць грандыёзную містыфікацыю бацькоўскага клопату над народам, які нібыта мае патрэбу ў тым, каб улада яго карміла й паіла.

Таму гарэлка будзе зьнікаць і ў далейшым. І пры ўсіх падвышэньнях цаны будзе каштаваць няшмат даражэй, чым бутэлька "кока-колы".

XS
SM
MD
LG