Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 3 лістапада)
Сёньня ў дзяржаўным друку апублікаваны нарматыўны дакумэнт, у якім апісваецца сыстэма кантролю, што будзе ажыцьцяўляцца ўладамі за своечасовай выплатаю заробкаў у краіне.

Сыстэма кантролю за своечасовай выплатай зарплаты, як вынікае з тэксту дакумэнту, створаная ў адпаведнасьці зь вядомым дэкрэтам Лукашэнкі аб умацаваньні дысцыпліны.

Нагадаю, гэты дэкрэт, які быў выдадзены ў ліпені ды атрымаў гучны грамадзкі рэзананс з прычыны спрэчных артыкулаў, абавязаў падначаленых Лукашэнкі спыніць практыку нерэгулярнай выплаты заробкаў.

Рэакцыяй чыноўнікаў на такое патрабаваньне і стала новая сыстэма кантролю. Яе рэалізацыяй зоймецца Камітэт у інспэкцыі працы пры Міністэрстве працы. Супрацоўнікі камітэту мусяць распачаць масавыя праверкі пратэрмінаваньня выплаты заробкаў.

Камэнтуючы новы нарматыўны дакумэнт, прадстаўнікі прафэсійных зьвязаў краіны выказваюць сумненьне ў яго мэтазгоднасьці й эфэктыўнасьці. Рэч у тым, што, паводле іхнай інфармацыі, пакуль аніякае карысьці для працоўных ня прынёс і вышэйзгаданы дэкрэт Лукашэнкі.

Нягледзячы на жорсткасьць фармулёвак і пагрозы ў бок чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, праблема своечасовай выплаты заробкаў ня вырашаная. Гаворыць загадчык сацыяльна-эканамічнага аддзелу Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў Іван Гурскі:

(Гурскі: ) "Мы такіх прыкладаў ня маем, каб на мейсцах былі прынятыя нейкія жорсткія меры ў дачыненьні да тых, хто вінаваты ў існаваньні запазычанасьці ў зарабках. Між тым, у цэлым па Рэспубліцы на 30 верасьня гэтая запазычанасьць складала 5 трыльёнаў 963 мільярды беларускіх рублёў. Асноўная доля запазычанасьцяў у заробках прыпадае на аграпрамысловы комплекс. Каб пагасіць тут запазычанасьці ў заробках, працаўнікам калгасаў і саўгасам трэба выплаціць звыш 4-х трыльёнаў рублёў".

Прычым, паводле ягоных словаў, тэндэнцыя з выплатай заробкаў у апошнія тры месяцы горшая, чым на пачатку году. Зараз, як паведаміў прадстаўнік афіцыйных прафэсійных зьвязаў, запазычанасьці ў заробках дасягаюць 10 адсоткаў ад памеру ўсяго фонду заробкаў, што, на ягоную думку, сьведчыць пра дрэнныя справы ў эканоміцы краіны.

Распрацаваная ўладамі сыстэма кантролю за своечасовымі выплатамі заробкаў адводзіць беларускім прафэсійным зьвязам другарадную ролю.

Кіраўнікоў прафэсійных зьвязаў гэта не зьдзівіла. Такая палітыка цалкам адпавядае цяперашнім палітычным плянам улады, якія палягаюць у тым, каб абмежаваць уплыў прафэсійных зьвязаў.

XS
SM
MD
LG