Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лістапада 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

(эфір 3 лістапада)
Сёлетнія трагічныя падзеі ў менскім мэтро выкарыстоўваюцца цяпер мяйсцовымі ўладамі для ўвядзеньня абмежаваньняў пры правядзеньні рознага кшталту масавых мерапрыемстваў. Гомельскі аблвыканкам прыняў пастанову аб захадах дзеля папярэджваньня надзвычайных здарэньняў і, як сказана, гарантаваньня бясьпекі, забесьпячэньня жыцьця і здароўя грамадзянаў пры правядзеньні грамадзка-палітычных, відовішчных ды іншых масавых мерапрыемстваў.

Цяпер за жыцьцё і здароўе гамельчукоў пад час масавых мерапрыемстваў адказваць будзе абласны пастаянна дзеючы штаб, які ўзначаліў намесьнік старшыні аблвыканкаму Уладзімер Цалка. Апрача яго ў штаб увайшлі кіраўнікі мясцовых управаў міліцыі, КДБ, ДАІ, Грамадзянскай абароны, мэдыцыны, санслужбы ды пажарнай аховы.

Цягам лістападу і сьнежня штабісты мусяць распрацаваць пакет стандартаў узаемадзеяньня паміж сілавымі структурамі і цывільнымі ведамствамі пры надзвычайных здарэньнях. Уводзіцца кругласутачнае дзяжурства ў выхадныя і перадсьвяточныя дні ва ўсіх абласных структурах, навучальных установах, выканкамах, прадпрыемствах і ў арганізацыях. А дзяжурыць павінны начальнікі, іх намесьнікі, альбо, як сказана ў рашэньні, іх адказныя працаўнікі. Устаноўлена, што дазвол на правядзеньне масавага мерапрыемства з удзелам ня менш як паўтары тысячы чалавек прыймае сам старшыня аблвыканкаму альбо ягоныя намесьнікі.

Цікавым выглядае ўказаньне ўсім мясцовым вертыкальным ворганам вызначыць у кожным горадзе і раённым цэнтры месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў з адначасовым пералікам тых тэрыторыяў, дзе гэта рабіць забаронена.

Няма сумневу, што тым самым вертыкальныя ворганы перакрываюць усялякую магчымасьць апазыцыйным сілам праводзіць мітынгі, шэсьці, пікеты ў цэнтры гарадоў.

Прынамсі, Гомельскі гарвыканкам ужо вызначыў такія месцы. Гэта – два стадыёны, "Прамень" і "Цэнтральны", а таксама пляцоўка ля Палацу глухіх на вуліцы Юбілейнай. У новым варыянце зьнік нават гарадзкі сквер паміж вуліцамі Савецкай і Пушкіна, дзе раней дазвалялася апазыцыйным партыям, свабодным прафсаюзам праводзіць пікеты.

XS
SM
MD
LG