Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лістапада 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Паводле рашэньня рэктарату Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, студэнты, якія бралі ўдзел у апазыцыйнай акцыі 17 кастрычніка, павінны быць выключаныя з унівэрсытэту.

Калі дэкан юрыдычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту Гадуноў даведаўся, што ягоныя студэнты бралі ўдзел у Маршы Свабоды, то на паседжаньні дэканату заявіў, што кожнага зь іх неабходна выключыць з унівэрсытэту.

Студэнты юрыдычнага факультэту Павал Кірылёнак і Дзяніс Санковіч за ўдзел у апазыцыйнай акцыі былі асуджаныя ў Савецкім судзе: першы – да 10 сутак адміністрацыйнага арышту, другі атрымаў папярэджаньне.

Павал Кірылёнак распавёў нашаму радыё:

(Кірылёнак: ) "На наступны дзень, калі я выйшаў са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка, мяне праз прафорга групы, выклікалі да дэкана, сказалі, што трэба напісаць тлумачальную запіску, і дэкан правёў са мной такую выхаваўчую працу. Ён сказаў, што ва ўсім, што адбылося, я вінаваты сам, ён ня будзе рабіць нічога, каб мне дапамагчы застацца вучыцца ва ўнівэрсытэце, і што справа будзе разглядацца на гэтым тыдні ў рэктараце БДУ. Па кожным з затрыманых будуць падымаць паперы, зь якіх раскрываюць усе абставіны затрыманьня, будуць праглядаць апэратыўныя відэаздымкі, і асабіста па кожным затрыманым будуць вырашаць – застанецца ён вучыцца ў БДУ ці не.

Мне асабіста было сказана, што я маю мала шанцаў застацца ў БДУ, бо, па-першае, гэта другое папярэджаньне, а па-другое, я вельмі добра засьвяціўся на відэаздымках, што рабілі апэратыўнікі.

Я лічу, што прагляд відэастужкі будзе рабіцца і для таго, каб знайсьці іншых студэнтаў, якія ня былі затрыманыя, але бралі удзел у шэсьці. Мне вядома, што ў Маршы Свабоды бралі ўдзел даволі шмат студэнтаў юрфака, і ў мяне ёсьць зьвесткі, што адзін з маіх аднакурснікаў ужо быў выкліканы да намесьніка дэкана, хоць ён і ня быў затрыманы. Проста яму сказалі, што яго бачылі на відэаздымках, і што яму трэба неяк патлумачыць свае паводзіны 17 кастрычніка.

Наколькі я ведаю, у дэканаце супрацоўнікі міліцыі падымалі асабістыя справы і зьвяралі фотаздымкі з дадзенымі апэратыўных відэаздымак з часу Маршу. На падставе гэтых дадзеных, будзе нейкае новае расьледаваньне.

Таксама ў мяне ёсьць зьвесткі ад тых, з кім я сядзеў на Акрэсьціна, яны зараз атрымалі позвы ў пракуратуру зьявіцца ў якасьці сьведкаў. Там не было напісана па якой справе. Магчыма гэта робіцца для таго, каб іх затрымаць для ўзбуджэньня крымінальнай справы".

Над студэнтамі іншых гуманітарных факультэтаў, якія бралі ўдзел у "Маршы Свабоды", навісае пагроза такіх жа наступстваў.

У рэктараце і дэканатах унівэрсытэту, куды мы зьвярталіся па тлумачэньні, пракамэнтаваць гэтую сытуацыю нашаму радыё адмовіліся.

XS
SM
MD
LG