Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора ўрад Беларусі зацьвердзіў новыя правілы знаходжаньня на тэрыторыі краіны замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства.

Новыя правілы знаходжаньня замежнікаў на тэрыторыі Беларусі нязначна адрозьніваюцца ад тых, што дзейнічалі да апошняга часу. Да прыкладу, зараз замежныя грамадзяне, якія прыяжджаюць у Беларусь, акрамя ўязной візы, павінны мець сродкі, эквівалентавыя 50 мінімальным заробкам на кожны месяц знаходжаньня. Пры ўезьдзе на тэрмін меней чым месяц гэтая сума павінна складаць ня менш як 1 мінімальны заробак на кожны дзень знаходжаньня.

Усе замежныя грамадзяне, якія прыяжджаюць у Беларусь на тэрмін больш за тры дні, павінны прайсьці рэгістрацыю ў адпаведных ворганах.

Прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў, кіраўнікі дыпляматычных і гандлёвых прадстаўніцтваў, іх сваякі рэгіструюцца ў міністэрстве замежных спраў, астатнія замежнікі – у ворганах нутраных спраў на тэрмін, які не перавышае тэрмін дзеяньня візы.

Грамадзяне краінаў, зь якімі йснуе бязьвізавы рэжым, рэгіструюцца на тэрмін ня больш як 90 сутак. Але з гэтага правіла йснуюць выключэньні. Напрыклад, асобы, якія прыяжджаюць для ажыцьцяўленьня працоўнае, гаспадарчае ды іншае дзейнасці, могуць атрымаць дазвол на знаходжаньне ў краіне на тэрмін да аднаго году. Гэта, у прыватнасьці, тычыцца замежных журналістаў, якія прыяжджаюць у Беларусь.

Як паведаміў мне адзін з польскіх журналістаў, стала акрэдытаваных у Польшчы, ад іх патрабуюць толькі акрэдытавацца пры МЗС Беларусі без наступнай рэгістрацыі ў ворганах міліцыі. Праўда, мой суразмоўца паскардзіўся на пэўныя праблемы, якія пры гэтам паўстаюць: МЗС не забясьпечвае журналістаў прапіскаю, а ворганы нутраных спраў на пасьведчаньне аб акрэдытацыі пры МЗС рэагуюць абыякава.

Польскі журналіст, зь якім я размаўляў, выказаў меркаваньне, што йснуе нейкае джэнтльмэнскае пагадненьне паміж Менскам і Варшаваю, каб не ўскладняць жыцьцё польскім журналістам і не прымушаць іх рэгістравацца яшчэ і ў МУС.

Дарэчы, у Польшчы замежныя журналісты навогул рэгіструюцца толькі адзін раз у МЗС, так што палёгка, якой карыстаюцца польскія журналісты ў Беларусі – ёсьць нейкі жэст узаемнасьці.

У той жа час замежныя бізнэсмэны, якія стала працуюць у Беларусі, у міліцыі рэгістравацца забавязаныя. Пры гэтым яны мусяць плаціць немалыя грошы за кожны дзень знаходжаньня: летась гэтая сумма складала каля аднаго даляра ў дзень.

Як ні дзіўна, для расейскіх журналістаў парадак знаходжаньня ў Беларусі больш жорсткі, чым для іх польскіх калегаў. Як паведаміў мне карэспандэнт "НТВ" Аляксандар Каўпакоў, да апошняга часу ён быў вымушаны перарэгістравацца ў міліцыі кожныя паўгады і плаціць за гэтую перарэгістрацыю.

Паводле словаў сп. Каўпакова, падобны парадак існуе і ў Расеі. Хаця прапіска там адмененая, але замежнікі й нават іншагароднія забавязаныя праходзіць рэгістрацыю і плаціць за яе. Прычым, гэта тычыцца ня толькі Масквы, але й іншых буйных гарадоў Расеі.

XS
SM
MD
LG