Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня завяршыла працу ў Менску місія Міжнароднага Валютнага Фонду. На працягу двух тыдняў прадстаўнікі МВФ вывучалі стан і пэрспэктывы беларускай эканомікі.

Цяперашняе знаходжаньне місіі ў Менску супала з чарговай публічнай абразаю Фонду з боку Лукашэнкі. Гэтая абраза, нагадаю, прагучэла на мінулым тыдні з трыбуны расейскае Дзяржаўнае Думы.

Як вынікае са скандальнага выступу Лукашэнкі, сёньняшнія беды ня толькі Беларусі, а й Расеі зьяўляюцца наступствам дзейнасьці так званага "жульля з МВФ". Місія, аднак, аніяк ня адрэагавала на абразу.

Як паведамілі нашаму радыё ў менскім прадстаўніцтве МВФ, экспэрты за гэты час азнаёміліся з апошнімі зьменамі ў беларускай эканоміцы й абмеркавалі з кіраўніцтвам краіны эканамічную і фінансавую палітыку на 2000 год.

Дырэктар-памочнік 2-й Эўрапейскай управы Фонду Томас Вульф, які ўзначальваў місію, выказаў падтрымку некаторым плянам уладаў у гэтай сфэры. У прыватнасьці, падтрымаў іхны намер зрабіць болей жорсткай грашова-крэдытную палітыку і ажыццявіць крокі ў лібэралізацыі валютнага рынку.

Нагадаю, у верасьні, пад час знаходжаньня ў вашынгтонскай сядзібе МВФ, урадавая дэлегацыя Беларусі паведаміла, што плянуе істотна скарэктаваць сваю цяперашнюю эканамічную палітыку.

Да прыкладу, Пётар Пракаповіч распавёў, што Нацыянальны банк распрацаваў на 2000 год вельмі прагрэсіўную грашова-крэдытную палітыку, якая ўключае і валютную лібэралізацыю, і адмову ад эмісійнага крэдытаваньня дзяржаўных праграмаў.

Кіраўніцтва МВФ станоўча адрэагавала на просьбу беларускага боку накіраваць у Менск місію, якая б падцьвердзіла рэалістычнасьць абяцаньняў. Паводле незалежных крыніцаў, каманда Томаса Вульфа правяла зараз у Менску вельмі грунтоўную экспэртызу беларускіх плянаў.

Але вынікі экспэртызы, мякка кажучы, разыйшліся з ацэнкамі афіцыйнага Менску. Апроч намеру да станоўчых зьменаў, прадстаўнікі Міжнароднага Валютнага Фонду, па вялікім рахунку, ня знайшлі важкіх доказаў плённасьці згаданых эканамічных плянаў.

Таму, падсумаваўшы вынікі сваёй працы ў Менску, місія канстатавала для сродкаў масавай інфармацыі, што беларускаму кіраўніцтву варта пайсьці значна далей у сваім намеры. У прыватнасьці, з улікам цяперашняга складанага эканамічнага й фінансавага становішча, ёй патрэбная болей рашучая праграма ўдасканаленьня грашова-крэдытных адносінаў, лібэралізацыі і ўніфікацыі валютнага рынку.

Томас Вульф і ягоная каманда таксама настойліва рэкамэндавалі кіраўніцтву Беларусі забясьпечыць незалежнасьць Нацыянальнага банку. Апроч таго, місія параіла, каб згаданыя вышэй пляны ажыцьцяўляліся адначасова зь лібэралізацыяй цэнаў, прыватызацыяй і рэфармаваньнем сельскае гаспадаркі.

XS
SM
MD
LG