Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лістапада 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Сёньня ў газэтах апублікаваны ўказ Лукашэнкі, паводле якога з усіх, хто прыяжджае адпачываць на тэрыторыю Нацыянальнага парку "Нарачанскі", падпарадкаванага кіраўніцтву спраў прэзыдэнта, спаганяюцца так званыя кампэнсацыйныя выплаты.

Паводле ўказу Лукашэнкі, зь 1 студзеня 2000 году грамадзяне, якія прыедуць адпачываць на Нарач, павінны плаціць замест ранейшага курортнага збору кампэнсацыйныя выплаты ў памеры 1/24-й часткі мінімальнага заробку за кожны дзень адпачынку або лячэньня. Калі ж нехта зьявіўся на тэрыторыі, прылеглай да возера Нарач, без аніякай пуцёўкі, то гэта сума падвышаецца да дзясятай часткі "мінімалкі". Знаходжаньне тут замежнага грамадзяніна абыйдзецца ў 1 даляр ЗША штодня.

Для тых, хто ўважліва сочыць за пашырэньнем гаспадаркі, падпарадкаванае кіраўніку спраў Лукашэнкі Івану Ціцянкову, ня стала нечаканасьцю, што Нарачанскі край канчаткова ператвораны ў бізнэс-структуру.

Нагадаю нашым слухачом: некалькі гадоў таму самым першым аб'ектам, які пачаў прыносіць Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта прыбытак, стаў цеплаход. Яго прыцягнулі на Нарач праз усю сталічную вобласьць ажно з Барысава, затым зрабілі зь яго рэстарацыю на вадзе.

Акрамя таго, ведамства Ціцянкова стварыла на беразе возера безьліч камэрцыйных харчовых і прамтаварных шапікаў. Сёлета ў жніўні з дапамогаю ўказу Аляксандра Лукашэнкі ад 28 ліпеня аб стварэньні нацыянальнага парку "Нарачанскі" спадар Ціцянкоў перавёў пад сваё кіраваньне зь ведамства Белміжкалгасздраўніцы санаторый "Будаўнік", іншыя падобныя аб'екты.

Камэнтуючы ўказ Лукашэнкі наконт спагнаньня згаданых кампэнсацыяў, прэзыдэнт Беларускага сацыяльна-экалягічнага зьвязу "Чарнобыль", пісьменьнік Васіль Якавенка, у прыватнасьці, зьвярнуў увагу на наступныя абставіны. Гэты дакумэнт ня проста парушае канстытуцыйныя правы беларусаў на адпачынак, а яшчэ й сьведчыць пра тое, што айчынныя алігархі (а яны ва ўмовах таталітарнага рэжыму знаходзяцца пры ўладзе) распачалі актыўны захоп ды перадзел народнае маёмасьці. У той час, калі экалёгія возера Нарач хворая.

Спадар Якавенка ня верыць у тое, што спагнаныя зь людзей грошы пойдуць на прыродаахоўныя мерапрыемствы, як тое абяцае Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG