Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лістапада 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сёньня пачаўся афіцыйны візыт беларускай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам у Казахстан. Цяперашняя сустрэча ў Астане – працяг беларуска-казахскага дыялёгу, які распачаўся ў студзені 1996 году ў Менску з падпісаньнем дамовы аб сяброўстве і супрацоўніцтве.

Праграма двухдзённага візыту ўключае сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Казахстану, а таксама наведваньне Лукашэнкам мэмарыялу памяці ахвярам палітычных рэпрэсіяў.
Плянуецца, што паводле вынікаў візыту Лукашэнка і Назарбаеў падпішуць дамовы аб доўгатэрміновым эканамічным супрацоўніцтве паміж Казахстанам і Беларусьсю да 2008 году. Таксама чакаецца, што будуць разглядацца некаторыя эканамічныя пытаньні, а менавіта, пытаньне казахскае запазычанасьці перад Беларусяй, і магчымасьць паставак казахскага збожжа.

У свой час Казахстан абыйшоўся з Беларусьсю дрэнна. Яшчэ ў кебічаўскія часы, а дакладна ў 93 годзе, паміж дзьвюма краінамі была дасягнутая дамоўленасьць пра тое, што Беларусь дапаможа Казахстану зьбіраць ураджай. За гэта казахскі бок абяцаў паставіць збожжа. Беларусь свае абяцаньні выканала: спачатку ў Казахстан была накіраваная тэхніка, потым туды паехалі працаваць беларускія мэханізатары. Частку заробкаў беларусы меліся атрымаць грашыма, часіку – зернем.

Але ж казахскі бок толькі заплаціў нейкія грошы мэханізатарам. Збожжа ня ўбачылі ані яны, ані беларуская дзяржава. Пасьля двухгадовых спробаў атрымаць зерне ў Казахстане, Беларусь вырашыла вярнуцца ў Эканамічны суд СНД. Плянавалася, што гэта будзе першая сур'ёзная справа, якую разгледзіць суд.

Але ўзьняць такім чынам аўтарытэт Эканамічнага суду не атрымалася.
Дарэчы, пасьля гэтай справы Эканамічны суд СНД не прымае абавязковых рашэньняў, а займаецца толькі тлумачэньнямі.

Тады прысуд быў прыняты на карысьць беларускага боку. Але й гэта не дапамагло атрымаць казахскае збожжа. Казахскі бок некалькі гадоў тлумачыў, што яму і самому зерня не хапае, таму разьлічыцца ён ня можа. Але сёлета ўраджай збожжа ў Казахстане быў сабраны большы, чым звычайна – каля 14 мільёнаў тонаў. Дзеля параўнаньня – леташні казахскі ўраджай быў удвая меншы. Таму зараз у Беларусі ёсьць усе падставы, каб атрымаць казахскую запазычанасьць.

Беларускі ўрад мае намер набываць зерне ў Казахстане, але зараз не ваядома, пра што вядуцца перамовы, і ці плянуе казахскі бок разьлічыцца за даўгі, ці гутарка ідзе проста пра закупкі зерня.

Паводле зьвесткаў беларускай амбасады ў Астане, запазычанасьць Казахстану перад Беларусяй складае амаль 44 мільёны даляраў, але казахскі бок аспрэчвае гэтую лічбу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG