Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў менскім офісе групы АБСЭ працягваліся кансультацыі паміж экспэртавымі групамі ўлады й апазыцыі наконт пытаньня доступу апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Прадстаўнікі абодвух бакоў ўпэўненыя, што пагадненьне будзе падпісанае ў хуткім часе.

Частка дамовы, якая тычыцца прынцыпаў доступу апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, была падрыхтаваная яшчэ ў мінулую пятніцу. Сёньня экспэрты дапрацоўвалі тэхнічны дадатак – канкрэтны парадак прадастаўленьня апазыцыянэрам тэле- і радыёэфіру, старонак дзяржаўных выданьняў.

Як паведаміў сябра экспэртавае групы Ўладзімер Нісьцюк, апазыцыя будзе мець кожную чацьвярговую перадачу "БТ" "Палітычныя дыялёгі", два ці тры выпускі "Падзеі" кожны тыдзень, а таксама па паўтары хвіліны ў "Панараме" штодня. Улады згадзіліся адкрыць для апазыцыі асноўную інфармацыйную праграму нацыянальнага радыё "Радыёфакт".

Сп. Нісьцюк падкрэсьліў, што апазыцыя мусіць добра падрыхтавацца да таго, каб эфэктыўна выкарыстаць магчымасьці доступу да мэдыяў, якія будуць ёй прадастаўленыя. Ён паведаміў, што дзеля гэтага пры кансультацыйна-назіральнае групе АБСЭ ствараецца група журналістаў, якія будуць дапамагаць апазыцыйным лідэрам рыхтаваць выступы й інфармацыйныя матэрыялы.

Кіраўнік ўрадавае дэлегацыі Міхал Сазонаў выказаў спадзяваньне, што дамова аб доступе апазыцыі да дзяржаўных СМІ будзе падрыхтаваная ўжо сёньня, і падкрэсьліў, што ўладны бок возьме на сябе адказнасьць за яе выкананьне. Ён сказаў, што з боку ўладаў пад дакумэнтам паставяць подпісы ня толькі сябры дэлегацыі, але й прадстаўнікі Дзяржтэлерадыё.

Сп. Сазонаў падцьвердзіў, што размова йдзе пра допуск апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў яшчэ да пачатку перамоўнага працэсу. Ён сказаў: "Мы хочам паказаць, што перашкоды на шляху апазыцыі да дзяржаўных СМІ, у першую чаргу да электронных, можна зняць. Рэвалюцыя ад гэтага не адбудзецца. Гэта паспрыяе стварэньню добрага клімату".

Учора кіраўнік місіі ЭўраЗьвязу выказаў спадзяваньне, што дамова аб доступе апазыцыі да дзяржаўных СМІ будзе падпісаная сёньня. Але ўзгоднены экспэртамі дакумэнт яшчэ мусіць зацьвердзіць Кансультацыйная рада апазыцыйных партыяў. Такім чынам, у лепшым выпадку падпісаньне адбудзецца ў канцы гэтага тыдню.

На пытаньне, ці не спяшаецца ўлада падпісаць дамову і пачаць яе рэалізоўваць да саміту АБСЭ ў Стамбуле, каб пазьбегнуць там крытыкі, сп. Сазонаў адзначыў, што гэтыя пытаньні непасрэдна не зьвязаныя, але, паводле ягоных словаў, гэта было б няблага, бо стала б сьведчаньнем таго, што ў Беларусі йснуюць реальныя ўмовы для кампрамісу.

Памочнік Лукашэнкі паведаміў, што ягоны шэф мае намер ехаць на сустрэчу кіраўнікоў дзяржаваў АБСЭ ў Стамбул. Ён дадаў, што сустрэча прадстаўнікоў улады й апазыцыі адбудзецца за межамі саміту. Прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў і ўрадавую дэлегацыю запрасіў у турэцкую сталіцу кіраўнік рабочае групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын.

Дарэчы, крыніцы ў кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ паведамілі, што апазыцыйная "васьмёрка" будзе пашыраная да "дзявяткі" – у апазыцыйнай дэлегацыі будуць прадстаўленыя як Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне", гэтак і Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя БНФ. Спадары Вячорка й Беленькі ўжо атрымалі запрашэньне прыехаць у Стамбул.

Прадстаўнікі групы АБСЭ абверглі чуткі пра тое, што ЗША нібыта аказваюць ціск на Турцыю, каб тая не давала Лукашэнку ўязную візу. Было адзначана, што гэта немагчыма паводле вызначэньня – саміты АБСЭ маюць статус, падобны статусу ААН, куды можа прыехаць кіраўнік любой дзяржавы, і краіна знаходжаньня ня можа перашкодзіць яму ў гэтым. У той жа час, паводле апошніх зьвестак, кіраўнік Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі пакуль навогул не атрымаў запрашэньня прыехаць у Стамбул.

XS
SM
MD
LG