Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лістапада 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Ў цэнтры увагі заходняга друку застаецца шок, які выклікала ў Армэніі забойства ў сьценах парлямэнту вядомых палітыкаў. Шмат пытаньняў ўзьнікае таксама ў сувязі з пэрспэктывай аднаўленьня мірнага працэсу на Блізкім Усходзе, канчатковы вынік якога невядомы, а таксама ў сувязі з клапатлівай для заходніх краінаў сытуацыяй ў Косаве і Кітаі.

Карэспандэнт нямецкай газэты "Die Suddeutsche Zeitung" Вольфганг Койдль лічыць, што "замахі і палітычныя забойствы ў Армэніі сталіся ледзь не звычайнай справай". Толькі за мінулы год ў замахах трох вядомых палітыкаў забіта і чатырох паранена.

Койдль адзначае акалічнасьць, што Армэнія – найбяднейшая з каўкаскіх краін, тымчасам застрэляны прэм'ер Саркісьян быў адным з найбольш ўплывовых і багатых людзей ў рэспубліцы. Журналіст выказвае здагадку, што за забойствам вядомых палітыкаў маглі стаяць некаторыя камандзіры службы бясьпекі, якіх яшчэ напярэдадні сваёй сьмерці Саркісьян хацеў адхіліць ад ўлады.

Аднак, паводле "Die Suddeutsche Zeitung", нішто не паказвае, што гэта была спроба перавароту. Пры ўсіх сваіх слабасьцях, армянскія, дэмакратычныя інстытуты і традыцыі дастакова моцныя.

Лонданская газэта "Times" задае правакацыйнае пытаньне: "колькі
павінна быць забітых, каб можна было гаварыць пра генацыд?". Паводле газэты, пасьля заканчэньня налётаў НАТО экспэрты прыйшлі да высновы, што колькасьць забітых сэрбамі албанцаў значна меншая, чымся раней меркавалася: заміж тысячаў – сотні чалавек. Тымчасам абвінавачаньне ў генацыдзе было маральным апраўданьнем для апэрацыі супраць Бялграду. Такім чынам, канстатуе газэта, выглядае, што краіны, якія падтрымалі налёты НАТО, сталіся ахвярай прапаганды.

Камэнтуючы сытуацыю ў Косаве, дацкая газэта "Information" адзначае, што "вайна ў Косаве прынесла шмат зьнішчэньняў, але, не зважаючы на прысутнасьць амаль 50-ці тысяч міратворцаў, не прынесла сапраўднага міру паміж Албанцамі і Сэрбамі. Бомбы НАТО дазволілі албанцам вярнуцца дамоў, але не спынілі міжэтнічную варожасьць. Паранены ў нядзелю сэрбскі лідэр Трайковіч, – лічыць дунская газэта, – напэўна ня быў апошняй ахвярай гэтага канфлікту.

Заходняя прэса скептычна глядзіць на пэрспэктывы прымірэньня паміж Ізраілям і Палестынцамі. Дацкая газэта БЭРЛІНГСКЭ ТІНДЭНДЭ камэнтуе сустрэчу ў Осло прэмера Ізраіля Барака, лідэра палестынскай аўтаноміі Арафата і прэзыдэнта ЗША Клінтана, якія ўшанавалі памяць забітага чатыры гады таму былога прэм'ера Ізраіля Рабіна. Яны таксама праводзяць сустрэчу, прысьвечаную ажыўленьню блізкаўсходняга мірнага працэсу. У панядзелак Ізраіль і палестынцы маюць пачаць перамовы, прысьвечаныя канчатковаму мірнаму дагавору, які павінен быць дасягнуты да верасьня наступнага году. Бакі мусяць ўрэгуляваць такія спрэчныя пытаньні як палестынская дзяржава, межы і будучы статус Ерузаліму. Аднак, паводле дунскай газэты, цяжка прадбачыць наколькі гэтая будучая палестынская дзяржава будзе эканамічна незалежнай. Каб выжыць, яна дастаткова вялікая, але за слабая, каб загарантаваць бясьпеку Ізраілю.

Паводле ірляндзкай газэты "Time" яшчэ цяжэй сабе ўявіць, як разьвязаць праблему Ерузаліму, бо ж нерэальна, каб горад заставаўся непадзелены і адначасова быў сталіцай дзьвюх незалежных дзяржаваў.

Амэрыканская газэта "Boston Globe" зьвяртае ўвагу на некаторую недарэчнасьць. Ў лютым ўрад Барака даў папярэднюю згоду на стварэньне палестынскай дзяржавы яшчэ да падпісаньня канчатковага мірнага дагавору. Паводле газэты, Ізраілю будзе вельмі цяжка дамагчыся гарантыяў бясьпекі ад новай дзяржавы, тым не менш, двухбаковага дагавору ў ніякім выпадку нельга больш адтэрміноўваць.

Затое амэрыканская газэта "Washington Post" камэнтуе сытуацыю ў галіне правоў чалавека ў Кітаі ў кантэксьце разправы над членамі рэлігійнага руху ФАЛУН ГОНГ. Ў артыкуле пад іранічным загалоўкам " Ўлада закону" газэта сьцьвярджае, што кітайскія лідэры паводзяць сябе больш крывадушна чымся ў свой час Сталін.

Ў адрозьненьне ад Сталіну яны, нават, ня робяць выгляду дэмакратычнасьці, і дамаганьне свабодных выбараў лічаць нявартым ўвагі капрызам жменьнкі дысыдэнтаў. Крывадушнасьць цяперашняга кітайскага рэжыму палягае ў тым, што самі прыйшоўшы да ўлады па-за ўсякімі законамі, цяпер хочуць ў адпаведнасьці з законамі судзіць членаў мірнай, рэлігійнай арганізацыі.

"Washington Post" адзначае, што рэпрэсыі ў Кітаі закранулі таксама лідэраў гэтак жа мірнай, кітайскай Дэмакратычнай Партыі, якая выступае толькі за больш адкрытую, палітычную сыстэму. Калі адзін з 4-х падсудных спрабаваў зачытаць заяву ў сваю абарону, судзьдзя вырваў яму з рук паперу і абвінаваціў ў "антыўрадавай прапагандзе". Гэтак на практыцы выглядае "ўлада закону ў Кітаі".

XS
SM
MD
LG