Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Мінуў другі дзень вымушанага беспрацоўя для прыватных прадпрыймальнікаў, якія арандавалі плошчы ў Менскага мэтрапалітэну. Сёньня гандляры безвынікова спадзяваліся, што ўлады скасуюць сваё жорсткае рашэньне.

У падземных пераходах сталічнага мэтрапалітэну другі дзень запар пануе нязвыклая атмасфэра. Гандлёвыя кропкі прадпрыймальнікаў, якія займаліся тут раней продажам кветак, кніг ды іншай дробнай прадукцыі, а таксама аказаньнем фота- й рамонтных паслугаў насельніцтву, так і не аднавілі дзейнасьць.

Учорашні зварот новых беспрацоўных да Аляксандра Лукашэнкі застаўся без адказу. Нагадаю, прадпрыймальнікі паскардзіліся Лукашэнку на жорсткае абыходжаньне гарадзкіх уладаў. Маўляў, гарадзкі выканаўчы камітэт прыняў бяздумнае рашэньне, у выніку якога на вуліцу выкінуты дзьве сотні грамадзянаў, што зьяўляліся сумленнымі падаткаплацельшчыкамі. На думку аўтараў звароту, пацярпелымі можна лічыць каля васьмі соцень жыхароў Менску, бо гэтыя захады закранулі й сем'і тых, хто застаўся бяз працы.

Камэнтуючы для нашага рыдыё гэтую акцыю ўладаў, намесьнік старшыні Менскага гарадзкога прафэсійнага зьвязу прыватных прадпрыймальнікаў Уладзімер Бялоў так выказаў сваё стаўленьне:

(Бялоў: ) "Гэта грамадзяне і да іх варта ставіцца з належнай павагаю. Гэта выбаршчыкі, і гэта людзі, што займаюцца эканомікай. Уладам варта забясьпечыць магчымасьць ёю займацца. Тым болей, што яны дзейнічаюць у дзяржаўных рамках: аплочваюць арэнду, плацяць падаткі й зусім не заслугоўваюць жорсткага з сабою абыходжаньня".

Дарэчы, прадпрыймальнікі сталічнага мэтрапалітэну дагэтуль трымаліся ўбаку ад руху прафэсійных зьвязаў краіны. Аднак цяперашняя бяда, паводле словаў Уладзімера Бялова, прымусіла іх тэрмінова наладзіць кантакты як са структурамі прафэсійных зьвязаў, так і з грамадскімі аб'яднаньнямі прадпрыймальнікаў.

Тым болей, што беспрацоўныя сталічныя гандляры ў пераважнай бальшыні ня вераць у выніковасьць свайго звароту да Лукашэнкі. Рэч у тым, што рашэньне сталічнага гарадзкога выканаўчага камітэту якраз і заснавана на дырэктывах Лукашэнкі.

Адна зь іх тычыцца высноваў, якія нібыта варта засвоіць з травеньскае трагедыі на Нямізе. Другая зьвязаная з чачэнскімі падзеямі ў Расеі.

Лукашэнка, нагадаю, запатрабаваў ад сваіх падначаленых "узмацніць грамадзкую бясьпеку", прадухіліць "магчымыя праявы экстрэмізму й тэрору".

Кіруючыся гэтымі дырэктывамі, сталічны "мэр" Ярмошын, як зараз высьвятляецца, не вагаўся. Ва ўсялякім разе пра зламаныя працоўныя лёсы прадпрыймальнікаў ён думаў меней за ўсё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG