Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лістапада 1999 г.


Галіна Айзенштат, Менск

Учора афіцыйна завяршылася абмеркаваньне дамовы аб стварэньні беларуска-расейскае хаўруснае дзяржавы. У сувязі з чым беларускія ўлады заявілі пра быццам бы надзвычай актыўны ўдзел у гэтай кампаніі ня толькі беларускага, але й расейскага насельніцтва.

Лічбы, прыведзеныя ўчора ў інтэрвію Беларускай тэлевізіі віцэ-прэм'ерам Леанідам Козікам, ашаламляльныя. Аказваецца, праект дамовы абмеркавалі 150 тысячаў чалавек, а ўхвалілі амаль 96 адсоткаў тых, хто браў удзел у абмеркаваньні.

У Расеі, як сьцьвярджае Козік, праект спадабаўся больш чым 90 адсоткам удзельнікаў абмеркаваньня. Як тут не ўзгадаць нядаўнія савецкія часы, калі на выбарах за так званы "непарушны блёк камуністаў і беспартыйных" нязьменна галасавала ня менш як 99,9 адсоткаў выбаршчыкаў. Такая была каманда зьверху, і яе паслухмяна выконвалі на мейсцах. Хаця ў вузкім коле аднадумцаў усе іранізавалі над такім аднадушшам і расказвалі пра яго анэгдоты.

Беларускія ўлады, аднак, не адчуваюць ніякай няёмкасьці з тае прычыны, што вярнуліся да такой заганнай практыкі. Яны адразу вырашылі ўзяць працэс абмеркаваньня пад свой кантроль. У раённыя і вабласныя выканаўчыя камітэты паступіла дырэктыва: абмеркаваць у патрэбным "кірунку". І зьвярнуць асаблівую ўвагу на быццам бы пададзеныя прапановы.

Галоўныя зь іх, паводле сьцьверджаньня Козіка, тычацца неабходнасьці ўвядзеньня пасады прэзыдэнта агульнае дзяржавы, а таксама стварэньня моцнай Рады міністраў. Адметна, што ўсе гэтыя прапановы цалкам супадаюць з тым, чаго так жадае Аляксандар Лукашэнка.

Між тым, згодна з вынікамі праведзенага яшчэ ў чэрвені Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў апытаньня насельніцтва, "калі б праводзіўся рэфэрэндум аб аб'яднаньні Беларусі й Расеі?", "за" выказаліся б толькі 54 адсоткі, супраць – больш як 34.

Такое ж апытаньне, але ужо ў верасьні правяла лябараторыя "Новак" Андрэя Вардамацкага. "За" выказаліся 35,8 адсоткі апытаных, "супраць" – З7,1. Вайна ў Чачні, па усяму відаць, і надалей будзе ахалоджваць галовы інтэгратараў. Але не афіцыйных, якія імкнуцца як мага хутчэй апынуцца ў абдымках Расеі, баючыся, як неаднойчы казаў Аляксандар Лукашэнка, упусьціць апошні шанец. Паколькі, маўляў, старое пакаленьне адыходзіць, а маладыя ня ведаюць, як хораша было жыць у СССР.

Паколькі Лукашэнка заявіў, што падпісаньне дамовы адбудзецца не ў дваццатых чыслах лістападу, як плянавалася раней, а напачатку сьнежня, улады Беларусі вырашылі падоўжыць так званае абмеркаваньне дамовы. Можна толькі здагадвацца, зь якімі ўнушальнымі лічбамі гэтак званае "ўсенароднае падтрымкі" паедзе Лукашэнка ў Маскву ў сьнежні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG