Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лістапада 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

(эфір 1 лістапада)
Значаньне другой сэсіі зьезду БНФ, пра вынікі якой падрабязна паведамлялася, выходзяць далёка за партыйныя рамкі. Бо яны маюць дачыненьне да лёсу нацыянальнага руху ў Беларусі. На гэтую тэму гутараць журналіст Валянцін Жданко ў Менску і супрацоўнік беларускай службы Радыё Свабода Віталь Цыганкоў у Празе. У праскай студыі – Віталь Тарас.

(Тарас: ) "Даводзіцца з жалем канстатаваць: тое, аб чым увесь час казалі ды пісалі беларускія СМІ – раскол у БНФ – адбылося. Як вы лічыце – гэта толькі пачатак працэсу, і наперадзе яшчэ далейшае драбленьне Фронту? Ці зараз можа адбыцца нейкае абнаўленьне ня толькі БНФ, але ўсяго палітычнага жыцьця ў Беларусі?"

(Жданко: ) "Я думаю, гэта пачатак працэсу. Але пачатак такі, які прывядзе да далейшага разгортваньня падзеяў. Наступны этап, як мне бачыцца, гэта раскол у рэгіянальных суполках Фронту, і рэгіянальныя лідэры павінныя будуць вызначыцца – зь кім ісьці. Па-мойму, гэта адбудзецца ў сьціслыя тэрміны. Далейшае драбленьне выглядае малаверагодным. Раскол насьпяваў даўно, і тое, што адбылося днямі, выглядала так, што гэта працэс натуральны. Напэўна, нешта такое было патрэбна БНФ.

І для адной часткі, як мне падаецца, гэта будзе служыць вялікім стымулам для разьвіцьця, для другой часткі гэта можа прывесьці да заняпаду і, магчыма, да ўміраньня аднэй часткі Фронту. Але гэты працэс перажылі многія дэмакратычныя рухі на постсавецкай прасторы. Мне падаецца, што гэта працэс натуральны".

(Цыганкоў: ) "Пагаджаючыся з Валянцінам, хачу правесьці паралелі паміж Беларусьсю й іншымі пастсавецкімі краінамі. Пры гэтым, ня толькі з Украінай, якая найперш прыходзіць у галаву, паколькі раскол у Народным Руху Украіны адбыўся даволі нядаўна, і там ён меў найбольш цяжкіяя наступствы.

Як мы бачым, учора адбыліся прэзыдэнцкія выбары, і кандыдаты ад Народнага Руху атрымалі два і адзін працэнты адпаведна. Але мы можам згадаць і прыбалтыйскія прыклады. Там гэтыя расколы адбываліся натуральна. Калі шырокія народныя франты прыходзілі да ўлады, яны пачыналі натуральнак дзяліцца паводле сваіх палітычынх памкненьняў і меркаваньняў.

Але ў нас, у нашай беларускай сытуацыі, гэта адрозьніваецца ад усіх тых прыкладаў, якія мы тут прывялі. Бо ў Прыбалтыцы і ва Украіне народныя рухі расколваліся альбо пераняўшы ўладу, альбо – як ва Украіне – калі іх прэзыдэнт больш менш, так скажам, спрыяльны да Руху і ажыццьяўляе нацыянальныя каштоўнасьці, каштоўнасьці Руху.

Раскол у БНФ адбыўся ў той час, калі ён знаходзіцца ў самай жорсткай апазыцыяй, калі ва ўладзе знаходзіцца абсалютна процілеглы, ідэалягічна, прэзыдэнт. І ў гэтым сэнсе ёсьць унікальнасьць беларускай сытуацыі".

(Тарас: ) "Як вы разглядаеце заяву намесьніка старшыні БНФ Вячаслава Сіўчыка аб тым, што Фронт будзе прыкладаць намаганьні, каб аб'яднаць усю дэмакратычную апазыцыю? Наколькі аўтарытэтны зараз Фронт – я маю на ўвазе ўвесь Фронт, абедзьве ягоныя часткі – для таго, каб дапамагацца ў далейшым аб"яднаньня? Ці ня страціў ён свой аўтарытэт? І наступнае пытаньне: наколькі далёка можа зайсьці суперніцтва лідэраў дзьвюх частак Фронту, калі ўлічыць, што зараз назіраецца, на жаль, варожасьць паміж бакамі? Ці ня пойдзе гэта настолькі далёка, што перашкодзіць нармальнаму існаваньню ўсяго палітычнага працэсу ў Беларусі?"

(Жданко: ) "Лёзунгі аб'яднаньня дэмакратычных сілаў гучаць з таго часу, як гэтыя дэмакратычныя сілы ў Беларусі існуюць. На жаль, не магу згадаць выпадку, калі б гэтыя заклікі прывялі да сапраўднага ба'яднаньня і кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сілаў. У розных лідэраў і розных партыяў дэмакратычнай накіраванасьці вельмі розныя інтарэсы. Мне падаецца, што Народнаму Фронту найперш давядзецца разабрацца са сваімі ўнутранымі справамі, са сваімі структурамі, з тым, хто за кім ідзе. Потым яны ўжо могуць прэтэндаваць на тое, каб весьці за сабой іншыя дэмакратычныя сілы і каб ачольваць дэмакратычны рух. Да таго часу пра гэта, мне здаецца, гаварыць не выпадае.

(Цыганкоў: ) "Пры тым, што раскол – гэта, безумоўна, зьява сумная, яна ў пэўнай ступені і заканамэрная. Менавіта дзьве гэтыя розныя пазыцыі, розныя падыходы – яны ня толькі заснаваныя на нейкіх пэрсанальных, скажам, непаразуменьнях, але й на нейкіх, усё-ткі, прынцыповых пазыцыях. І тое, да чаго заклікаў Сіўчык, зьяўляецца адпаведным крытэрыем гэтай часткі Фронту, якая заўсёды імкнулася быць часткай агульна-дэмакратычнага беларускага руху, у той час, як зь іншага боку, з боку групы Зянона Пазьняка, часта гучалі недаверлівыя, часам нават зьняважлівыя заявы ў бок "так званай дэмакратычнай апазыцыі", як называў яе Зянон Пазьняк.

Безумоўна, незалежныя СМІ будуць на баку групы Вячоркі, як мне здаецца. І гэта ўжо выяўляецца ў апошнія тыдні, і напэўна выявіцца яшчэ больш. Мне здаецца, у той часткі Фронту, якую ўзначальвае Зянон Пазьняк, ёсць небясьпека стаць своеасаблівымі ізгоямі. Калі яны пачнуць усіх называць агентамі расейскага КГБ, ФСБ, ці агентамі беларускага ГБ і г.д., калі пачнуць зьневажаць усіх сваіх дэмакратычных калегаў, і ў той самы час – апанэнтаў, то гэтае адмежаваньне, якое адбылося зараз унутры Фронту, можа адбыцца і па ўсім дэмакратычным лягеры. І гэта можа быць зьявай даволі сумнай.

Але, зь інша боку, можа, гэта якраз заканамэрна, што будзе занятая скрайне правая ніша. Хоць Фронт штурхалі ў гэтую нішу, але яна пуставала. І гэтая частка Зянонга Пазьняка лягічна, як яны назвалі сябе, Кансэрватыўна-хрысьціянская, – яна больш радыкальная, і яна можа заняць гэтую скрайнюю нішу, якая ў Беларусі, фактычна, пуставала дасюль.

(Тарас: ) "Я хацеў бы зьвярнуць увагу, што Фронт быў ня толькі найбольш масавай палітычныай арганізацыяй у Беларусі, ды фактычна застаецца такой зараз, але арганізацыяй, найбольш пасьлядоўнай у справе адстойваньня нацыянальнай незалежнасьці, нацыянальных каштоўнасьцяў. Сама постаць Пазьняка, імя Пазьняка заўсёды атаясамлівалася менавіта з абаронай нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Як будзе зараз? Ці ёсьць каму падхапіць гэты, так бы мовіць, сьцяг нацыянальнага адраджэньня, нацыянальнага супраціўленьня пасьля таго, як адбыўся раскол у Фронце? Ці здольныя іншыя палітычныя сілы, партыі, падтрымаць Фронт, абедзьве ягоныя часткі, каб працягнуць гэтую бязкампрамісную лінію да незалежнасьці?"

(Жданко: ) "Мне здаецца, што гэтыя каштоўнасьці застаюцца і для адной часткі Фронту і для другой. І мне здаецца, што хопіць разважлівасьці і ў Вячоркі, і ў Пазьняка, і ў іхных прыхільнікаў, каб не даводзіць канфлікт унутры партыі да таго, каб пераглядаць гэтыя каштоўнасьці, што, зрэшты, і немагчыма зрабіць. Немагчыма ўявіць, каб Беларускі Народны Фронт пад нейкімі іншымі лёзунгамі выступаў. Усё ж-ткі супярэчнасьці ўнутры Фронту існавалі даволі працяглы час, і доўгі час удавалася згладжваць гэтыя супярэчнасьці лідэрам. Па-мойму, і ў далейшым лідэрам наваствораных партыяў удасца дамовіцца, удасца выпрацоўваць нейкую адзіную лінію хаця б у стратэгіі сваіх длзеяньняў".

(Цыганкоў: ) "Баюся, ня ўсе могуць падзяліць такі аптымістычны погляд. Мне здаецца, што якраз гэтая варожасьць, пра якую мы тут узгадвалі, можа зайсьці даволі глыбока. Тым больш, часам як раз варожасьць найбольш зацятая паміж партыямі, якія знаходзяцца ў адной электаральнай нішы, калі змагаюцца за аднаго выбаршчыка. Тады менавіта гэтыя партыі паміж сабой найбольш зацята варагуюць, не пускаючы іншую партыю ў гэтую нішу. Мне здаецца, што такое можа адбыцца. Але безумоўна, што Фронт, як бы ён ні называўся – гэтыя дзьве сілы, абедзьве партыі, застануцца прыхільнымі лёзунгу незалежнасьці і застануцца, скажам так, сьцяганосцамі гэтага лёзунгу ў беларускай палітыцы. Я ня думаю, што хто-небудзь здолее, ці нават захоча, іх замяніць, і Фронт, у гэтым сэнсе, застанецца Фронтам".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG