Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 1 лістапада)
Новае палітычнае кіраўніцтва часткі БНФ, якая абрала сваім лідэрам Вінцука Вячорку, мае намер актывізаваць дзеяньні па аб'яднаньні ўсіх апазыцыйных сілаў Беларусі, якія адстойваюць ідэалы дэмакратыі і незалежнасьці. Разам з тым, прадстаўнікі гэтае палітычнае партыі будуць шукаць паразуменьня з тымі былымі сябрамі, якія падтрымалі Зянона Пазьняка і ўтварылі Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ.

Як паведаміў на сёньняшняй пасьлязьездаўскай прэсавай канфэрэнцыі В.Вячорка, ён вельмі ўсьцешаны, што нарэшце крызыс у БНФ пераадолены й фронт можа перайсьці да выкананьня сваёй непасрэднай задачы – абароны беларускае незалежнасьці. Вячорку хацелася б хутчэй забыць пра тыя непрыемныя моманты, якія адбываліся на зьездзе, і наладзіць нармалёвую працу арганізацыі, што ён узначаліў.

Сп. Вячорка паведаміў, што Фронт будзе актыўна супрацоўнічаць з іншымі палітычнымі партыямі й незалежнымі прафэсійнымі зьвязамі ў падрыхтоўцы акцыі пратэсту пад назваю "Марш Свабоды-2". Паводле словаў В.Вячоркі, зьезд ягонае партыі высока ацаніў першы такі марш 17 кастрычніка, і даручыў кіраўніцтву рыхтавацца да будучых падобных акцыяў разам зь іншымі апазыцыйнымі сіламі.

Намесьнік Вінцука Вячоркі сп. Хадыка паведаміў, што пасьля зьезду яму патэлефаніў Сямён Шарэцкі, павіншаваў новае кіраўніцтва БНФ з абраньнем, а таксама выказаў надзею, што супрацоўніцтва іхнай партыі зь Вярхоўным Саветам будзе плённым і канструктыўным.

Кіраўніцтва гэтае часткі БНФ сьцьвярджае, што ўжо 1200 з 2400 ранейшых сябраў партыі Народнага Фронту падцьвердзілі сваё сяброўства ў арганізацыі, кіраўніком якой зьяўляецца сп. Вячорка. Прычым, паводле словаў яшчэ аднога намесьніка сп. Вінцука Вячаслава Сіўчыка, на іхным баку амаль цалкам засталіся рэгіянальныя структуры былога БНФ.

Пра рэакцыю Зянона Пазьняка на падзеі, зьвязаныя з расколам адзінага Фронту, кіраўніцтву новага БНФ нічога не вядома, але ў кожным разе прыхільнікі Вячоркі ўдзячныя былому старшыні за тое, што ён рабіў дзеля незалежнасьці Беларусі ў папярэднія гады.

Кіраўніцтва гэтае часткі Фронту лічыць, што назва БНФ, сымболіка, сядзіба ды іншы набытак былой арганізацыі павінны застацца за іхнай групаю. Гаворыць намесьнік старшыні фронту Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Я хацеў бы сказаць, што рэальна Беларускі Народны Фронт захаваўся. Гэта зьезд якраз і пацйьвердзіў. Зусім дакладна гучаць словы, што ёсьць дзьве групоўкі. Вось я асабіста не ўваходжу ў групоўку спадара Вячоркі, я зьяўляюся намесьнікам Старшыні Беларускага Народнага Форнту. Я ніколі не ўваходзіў у каманду Пазьняка, я быў у камандзн Беларускага Народнага Форонту "Адраджэньне".

Я думаю, што вы ведаеце ўсе тых маіх калегаў, што сядзяць за гэтым сталом, вы ведаеце ўнёсак кожнага зь іх у рэальную палітыку ў Беларусі і грамадзкае жыцьцё Беларусі, таму зводзіць усё да дзейнпасьці нейкіх двух груповак проста немагчыма, гэта абсалютна штучная схема.

Што ж тычыцца прыватных узаемадачыненьняў сёньня, дык сядзібу Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне", мы выкарыстоўваем дзеля таго, каб і іншыя арганізацыі маглі дзейнічаць. На працягу апошняга месяцу тут адбываліся канфэрэнцыі, якія ладзіліся Сацыял-дэмакратычнай партыяй "Народная Грамада", тут зьбіраюцца і прадстаўнікі Свабодных прафсаюзаў калі трэба, і іншыя грамадзкія арганізацыі і партыі. Калі ў гэтым кіраўніцтва БНФ бачыць стваральную працу і што гэтыя акцыі патрэбныя.
Мы заўсёды іх падтрымаем, так было раней, так будзе і надалей".

Новае кіраўніцтва БНФ, аднак, спадзяецца, што ім усё ж ўдасца знайсьці агульную мову й паразуменьне з прыхільнікамі сп. Пазьняка, і яны разам будуць працаваць дзеля будучыні Бацькаўшчыны.

XS
SM
MD
LG