Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Амэрыканскае Фэдэральнае бюро расьледаваньняў выступіла з перасьцярогай аб небясьпецы тэрактаў і неабходнасьці ўжыць адпаведныя сродкі бясьпекі напярэдадні двухтысячнага году. Згодна з дадзенымі, якімі валодае ФБР, ў гэты час сваю дзейнасьць могуць актывізаваць розныя экстрэмісты, рэлігійныя і расісцкія групоўкі.

Такія перасьцярогі былі зьмешчаныя ў адмысловай справаздачы ведамства ФБР, адказнага за барацьбу з тэрарызмам ў ЗША, якую апублікавала газэта "Washington Post". Справаздача зьяўляецца плёнам дзевяцімесячнага збору інфармацыі агентамі ФБР і накіраваная, ў першую чаргу, на прадухіленьне розных нэгатыўных зьяваў ў саміх Злучаных Штатах.

Аднак ў дакумэнце шмат ўвагі прысьвячаецца, ў прыватнасьці, Ерузаліму. Гэты горад трох рэлігіяў, сьвяты для габрэяў, хрысьціянаў і музульманаў, будзе месцам пілігрымства мільёнаў турыстаў з ўсяго сьвету. "Сьвяты Горад", – лічыць ФБР, – можа стацца месцам сутычак паміж экстрэмістамі з розных рэлігіяў.

Дарэчы, назоў справаздачы "Праект Мэгідо" ўзяты ад гары Мэгідо ў паўночным Ізраілі, месца шматлікіх бітваў, якая па габрэйску называецца "ХАРмэгідо". (Згодна біблейскай кнізе Абьяўленьня (16,16), на гэтай гары зямныя каралі ў апошні раз выступяць супраць божага царства і маюць быць зьнішчаныя")

Справаздача пачынаецца словамі, што назоў "Мэгідо" вельмі адпаведны для тых, хто спадзяецца хуткага канца сьвету і тых, хто гэты канец хоча набліжыць.

Пагроза непрадказальных зьяваў мае, як падкрэсьліваецца ў дакумэнце, найперш сувязь з рэлігійнай верай аб канцы сьвету, але таксама з перакананьнямі аб наяўнасьці нейкай змовы і сэкрэтнага пляну ААН апанаваць ўвесь сьвет.

Мяркуецца, што некаторыя групоўкі могуць спрычыніць або скарыстаць таксама "кампутарныя праблемы двухтысячнага году". Ў адключэньні паставак электраэнэргіі і лёгка вытлумачальных зьявах некаторыя экстрэмісты могуць ўбачыць прыкметы канца сьвету, прадказанага ў біблейскіх прароцтвах. Ў сувязі з вельмі рэальнай пагрозай ўскладненьня паставак электраэнэгіі ў такіх краінах як Беларусь і Малдова, ФБР рэкамэндуе амэрыканцам паўстрымацца з паездкамі ў гэтыя краіны.

Што тычыцца канкрэтных крокаў з боку экстрэмістаў, дык на парозе новага тысячагодзьдзя, – лічыць ФБР, – яны могуць, ў прыватнасьці, спрабаваць авалодаць небясьпечнай зброяй і жыцьцёва важнымі, стратэгічнымі аб'ектамі.

Аб'ектамі атакаў могуць стаць ваенныя базы, прадстаўніцтвы ААН і ЗША, ўстановы амэрыканцаў яўрэйскага і афрыканскага паходжаньня, а таксама іншых меншасьцяў, такіх, напрыклад, як гомасэксуалы.

Ў справаздачы раіцца з падвышанай пільнасьцяй сачыць за тым, ці нейкія радыкальныя групоўкі ня робяць запасаў зброі і харчоў, што можа азначаць падрыхтоўку да тэракту. "Калі члены нейкіх сэктаў прадаюць сваю маёмасьць, каб набыць агнястрэльную зброю і выбуховыя рэчывы, дык ёсьць падстава для хваляваньня, што гэтая сэкта мае намер зрабіць", – заявіў ў інтэрвію кіраўнік ведамства нацыянальнай бясьпекі ў ФБР Найл Галагэр.

Агенты ФБР ўжо зафіксавалі факты набору новых людзей да груповак, якія спрабуюць набываць запасы зброі, харчоў, вопраткі, зьбіраюць сродкі, рыхтуюць сховішчы і сочаць за патэнцыяльнымі цэлямі.

З другога боку, – адзначыў Найл Галагэр, – гэта ня значыць, што з тэрарызмам або іншымі гвалтамі, напэўна, будзем мець дачыненьне перад або пасьля 1 студзеня. Яны могуць здарыцца, але ня мусяць.

Галагэр падкрэсьліў, што дакумэнт ФБР заклікае толькі службы бясьпекі і праваахоўчыя органы да падвышанай пільнасьці. Копіі справаздачы будуць апублікаваныя ў Інтэрнэце і разасланыя ўсім праваахоўчым органам ў ЗША.

Заўтра, кіраўніцтва ФБР правядзе штаце Паўночная Караліна спэцыяльную нараду з прадстаўнікамі паліцэйскіх службаў зь іншых краінаў. Паводле Найла Галагэра, "людзі не павінны баяцца, але павінны ўлічваць пагрозы, рызыка якіх можа ўзрасьці разам з набліжэньнгем новага году і тысячагодзьдзя".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG