Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Папярэднія вынікі выбараў прэзыдэнта Украіны сьведчаць, што ў другі тур выходзяць цяперашні прэзыдэнт Леанід Кучма і лідэр камуністаў Пятро Сіманэнка. Кучма набраў каля 36 адсоткаў галасоў, Сіманенка – каля 23. Усяго ў галасаваньні ўзяло ўдзел звыш 70 адсоткаў з 37 мільёнаў украінскіх выбаршчыкаў.

Для многіх аналітыкаў падобныя вынікі галасаваньня выглядаюць амаль сэнсацыйна, і, асабліва, нечаканай здаецца значная розьніца ў галасах паміж першым і другім месцамі. Зрэшты, улічваючы ўсю перадвыбарчую сытуацыю ва Украіне, раздробленасьць левых кандыдатаў і падуладнасьць Кучме асноўных СМІ, такі вынік варта прызнаць заканамэрным.

З тых, хто ня выйшаў у другі тур, найбольшую колькасьць галасоў выбаршчыкаў – па 11 адсоткаў – атрымалі Лідэр сацыялістаў Аляксандар Мароз і Старшыня Прагрэсіўна-сацыялістычнай партыі Натальля Вітрэнка.

Дарэчы, паводле шматлікіх апытаньняў, менавіта Вітрэнка разглядалася як найбольш верагодны кандыдат для выхаду ў другі тур – сацыёлягі прагназавалі ёй ад 15 да 20 адсоткаў. Аднак, на посьпех камуністычнага кандыдата Пятра Сіманенкі, напэўна, паўплывала тое, што за некалькі дзён да выбараў сьпікер Вярхоўнай Рады і кіраўнік Сялянскае партыі Алякскандар Ткачэнка зьняў сваю кандыдатуру і заклікаў прагаласаваць сваіх прыхільнікау за лідэра камуністаў. Былы прэм'ер-міністар Украіны, правацэнрысцкі кандыдат Яўген Марчук атрымаў каля 8 адсоткаў галасоў.

Лідэраў расколатага народнага Руху Кастэнку і Удавенку падтрымалі адпаведна звыш двух і звыш аднае адсоткі выбаршчыкаў. Безумоўна, гэта можна назваць балючай паразай для Руху, калісьці самай масавай і ўплывовай дэмакратычнай партыі ва Украіне. Тыя выбаршчыкі, пераважна ў Заходняй Украіне, якія заўсёды галасавалі за "Рух", бачылі беспэрсьпэктыўнасьць на прэзыдэнцкіх выбарах рухаўскіх кандыдатаў і вымушаныя былі аддаць свае галасы Кучму альбо Марчуку.

За ходам выбараў наглядала звыш пяцісот міжнародных назіральнікаў. У цэлым, яны пацьвердзілі, што ў дзень галасаваньня не было сўр'ёзных парушэньняў. Гэтага, аднак, нельга сказаць пра перадвыбарчую кампанію, падчас якой мясцовыя ўлады і большасьць СМІ падтрымлівалі выключна дзеючага прэзыдэнта, неаднаразова парушаючы закон аб выбарах.

Выхад у другі тур лідэра камуністаў, які ёсьць найлепшым варыянтам для Прэзыдэнта Кучмы, можна назваць, бадай, і цудоўнай працай ягонае каманды.

Левым кандыдатам так і не ўдалося вылучыць супольнага кандыдата, а літаральна за некалькі дзён да выбараў распалася і гэтак званая "Канеўская чацьвёрка". Чацвёра прэтэндэнтаў – Мароз, Ткачэнка, Марчук і Алейнік плянавалі вылучыць адзінага суперніка цяперашняму прэзыдэнту, але з-за рознагалосьсяў унутры групы гэтая ідэя правалілася. Многія аналітыкі ва Украіне лічылі вынаходніцтвам каманды Кучмы і раскрутку "канатопскай ведзьмы" Натальлі Вітрэнкі, якая ў вынікў адабрала галасы ў больш памяркоўных левых кандыдатаў, але ў другі тур так і ня выйшла.

Цяпер ва Украіне і за ейнымі межамі амаль усе ўпэўненыя, што Леанід Кучма будзе пераабраны на свой другі тэрмін. Яму пяройдуць галасы ня толькі Марчука і рухаўскіх кандыдатаў, але і цэнтрыстаў. У той жа час за камуніста Пятра Сіманенку, які не валодае яркай харызмай, відавочна не прагаласуюць нават многія левацэнтрысція выбаршчыкі. Ды й сам Кучма, дарэчы, нядаўна прызнаўся, што ён "правацэнтрыст альбо левацэнтрыст, ў залежнасьці ад таго, ў чым праблема".

XS
SM
MD
LG