Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 1999 г.


Сяргей Шупа, Вільня

(эфір 29 кастрычніка)
У польскай газэце «Rzeczpospolita» зьмешчаны прысьвечаны Беларусі камэнтар Славаміра Папоўскага пад загалоўкам «Прагал на Ўсходзе».

Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, - на думку камэнтатара «Rzeczpospolitej» - кіраўнік незвычайны - за сваю галоўную палітычную мэту ён абраў ліквідацыю дзяржавы, якою ён кіруе, і народу, які яго абраў. Цяжка неяк інакш вытлумачыць праводжаную ім ужо некалькі гадоў русыфікацыю беларусаў, а таксама заклікі да чым хутчэйшага злучэньня з Расеяй. У запрапанаваным Лукашэнкам варыянце гэткае злучэньне можа прывесьці толькі да таго, што Беларусь станецца фактычна - пры захаваньні фікцыйнай незалежнасьці - яшчэ адной расейскай губэрняй.

Аляксандар Лукашэнка сьніць свой сон дырэктара саўгасу, які за савецкія часы марыў пра тое, што прасоўваючыся па службе ён найперш перабярэцца ў Менск, а пасьля - калі пашчасьціць - яго забяруць у Маскву і пасадзяць за нейкі столік у агульнасаюзным міністэрстве. Гэта, па сутнасьці, усё, на што ён можа разьлічваць, нават калі ў глыбіні душы марыць пра кар'еру крамлёўскага палітыка. Але за ягоныя мары, зь якіх сьмяюцца расейцы - мусіць расплочвацца ўвесь беларускі народ, якому пагражае страта незалежнасьці - піша ў газэце «Rzeczpospolita» камэнтатар Славамір Папоўскі.

Выступаючы ў расейскай Дзяржаўнай Думе і выклікаючы бурлівыя воплескі камуністычнай большасьці, якая тужыць па савецкіх часах, Лукашэнка заклікаў да чым хутчэйшага аб'яднаньня, а фактычна да інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі. Прэзыдэнт баіцца, што апазыцыя возьме верх і што ў краіне перамогуць антыінтэграцыйныя настроі, разам з тым ён палохаў слухачоў блёкам НАТО, «нашпігаванаю зброяй» Польшчай, а таксама Міжнародным Валютным Фондам, які хоча з дапамогай крывадушна выдзеленых крэдытаў падпарадкаваць сабе і Маскву і Менск.

Падыходзячы з такой праграмай да саюзу з Расеяй, Лукашэнка мацуе пазыцыі тых расейскіх палітычных сілаў, якія - гэтаксама як і ён сам - хацелі б вярнуць Маскву ў савецкія часы.

Нехта сказаў, што ўтрыманьне незалежнай Украіны - гэта гарантыя вылячэньня Расеі ад імпэрскай хваробы.

Аднак тое самае датычыць і Беларусі. Выкананьне плянаў Лукашэнкі і яго маскоўскіх саюзьнікаў можа азначаць злавесную зьмену ўсяго геапалітычнага парадку і новага стану раўнавагі, які ўсталяваўся ў гэтай частцы Эўропы пасьля распаду СССР. Польшчу гэткая пагроза закранула б у першую чаргу - цьвердзіць у сваім камэнтары аглядальнік газэты «Rzeczpospolita» Славамір Папоўскі. У паласе ўсходніх суседзяў Польшчы — Літвы, Беларусі і Ўкраіны — якія з большым або меншым посьпехам будуюць рынкавую і дэмакратычную сыстэму, можа ўзьнікнуць небясьпечны прагал.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG