Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 1999 г.


Сяргей Шупа, Вільня

У нядзелю ў сталіцы Нарвэгіі Осла адбылася цырымонія наданьня штогадовай прэміі прафэсара Турольфа Рафтаса за абарону правоў чалавека. Сёлета яе атрымаў беларускі грамадзкі дзяяч Генадзь Грушавы. З нагоды гэтае падзеі нарвэская газэта «Aftenposten» надрукавала вялікі артыкул, прысьвечаны актуальным праблемам Беларусі. Ягоныя аўтары - актывісты Нарвэскага Гельсынскага Камітэту Оге Борхгрэвінк і Томаш Вацко.

Расея адыгрывае ў беларускай палітыцы ключавую ролю і мае выдатную магчымасьць уплываць на падзеі ў Беларусі, аднак яна абірае за лепшае падтрымваць дыктатарскі рэжым Аляксандра Лукашэнкі, – паведамляюць нарвэскім чытачам аўтары атрыкулу ў газэце «Aftenposten». Такая пазыцыя Расеі стварае пэўную праблему для Арганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе, якая не прызнае легітымнасьці цяперашніх беларускіх уладаў.

Улада ў Беларусі сканцэнтраваная ў значнай ступені ў руках Лукашэнкі, так што краіна выглядае як нейкі султанат. За апошнія паўгода парушэньні правоў чалавека ў Беларусі значна ўзмацніліся – пачаліся бясьсьледныя зьнікненьні апанэнтаў рэжыму. Тым часам масавыя акцыі пратэсту, якія адбыліся за апошні месяц у Менску, сьведчаць пра рост незадавальненьня Лукашэнкам.

Бруталізацыя беларускай грамадзка-палітычнай прасторы, – працягвае газэта «Aftenposten», – дадалася да масавых парушэньняў правоў чалавека, усё глыбейшай міжнароднай ізаляцыі і эканамічнага заняпаду краіны. Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, апісаная ў шматлікіх справаздачах праваабарончых арганізацыяў, у эўрапейскім кантэксьце можа быць параўнаная хіба што з сытуацыяй у Югаславіі.

Лукашэнка імкнецца звузіць да мінімуму палітычную прастору ў Беларусі і маргіналізаваць апазыцыю. Праз падуладныя яму сродкі масавай інфармацыі ён стварае свой вобраз справядлівага і гераічнага Бацькі Народу, а нацыянальную і празаходнюю апазыцыю асацыюе з нацыстамі.

Як дыктатар Лукашэнка, на думку аўтараў артыкулу ў газэце «Aftenposten», – значна грубейшы і прасьцейшы за свайго югаслаўскага калегу Мілошавіча. Ён зусім не імкнецца выглядаць законна ці дэмакратычна, а выпрацаваў свой стыль – моцнага чалавека з простымі адказамі на ўсе пытаньні.

Сытуацыя ў Беларусі нагадвае старадаўнія каралеўствы ці імпэрыі. Падобная ўлада султана была трансцэдэнтальная і магла быць вышэйшая за любыя законы. Гэтак і Лукашэнка стаіць вышэй за канстытуцыю і, пагатоў, за ўсе астатнія законы. Воля прэзыдэнта – закон у апошняй інстанцыі, а самі законы, паводле сёньняшняй беларускай практыкі, трацяць сілу, калі пярэчаць Лукашэнкавым намерам.

Аднак некаторыя рэчы сьведчаць, што палітычныя рэаліі Беларусі прымушаюць Лукашэнку сур'ёзна задумацца. Зьнікненьні і брутальныя перасьледы апазыцыянераў сьведчаць, што Лукашэнка пачынае адчуваць свой блізкі канец. Сваім апошнім прытулкам ад усё цяжэйшых унутраных праблемаў ён бачыць Маскву. «Aftenposten» цытуе ў гэтай сувязі брытанскую газэту «The Guardian», якая нядаўна назвала Лукашэнку «Вясковым ідыётам Эўропы», які спрабуе захапіць вялікую ўсходнюю сталіцу.

Часта згадваецца пра тое, што АБСЭ налічвае сярод сваіх удзельнікаў і Расею. Калі так, дык расейскія ўлады мусілі б дзеіць у агульным рэчышчы з АБСЭ і прызнаць існаваньне інстытуцыйнага крызысу ў Беларусі, дзе прэзыдэнт і парлямэнт ня маюць легітымнасьці. Калі Масква да гэтага не гатовая, дык АБСЭ мусіла б прынамсі выразна выказаць сваё стаўленьне да такой пазыцыі Расеі.

У канцы артыкулу ў нарвэскай газэце «Aftenposten» ягоныя аўтары Оге Борхгрэвінк і Томаш Вацко заклікаюць Арганізацыю Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе асудзіць палітычны дыктат у Беларусі і выразна заявіць аб далейшым непрызнаньні рэфэрэндуму 1996 году і ўзьніклых на яго падставе органаў улады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG