Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

(эфір 30 кастрычніка)
Тэмаю традыцыйнага суботняга эканамічнага агляду наш карэспандэнт Валянцін Жданко абраў падзею сёньняшняга дня – зьяўленьне ў друку ўказу, якім Лукашэнка прызначыў у Савет міністраў свайго часовага прадстаўніка.

У Беларусі дзіўны ўрад. Зь 1-га лістапада ім, здаецца, будзе кіраваць Аляксандар Пласкавіцкі. Гэтага маладжавага й мітусьлівага юрыста ніхто з сур'ёзных гаспадарнікаў добра ня ведае: а ні міністрам, а ні кіраўніком заводу, а ні нават дырэктарам саўгасу ён ніколі ня быў. Тым ня менш, менавіта загады й распараджэнні Пласкавіцкага, пачынаючы з панядзелка, абавязаныя без усялякіх пярэчаньняў выконваць і прэм'ер Сяргей Лінг, і віцэ-прэм'еры, і ўвогуле ўсе дзяржаўныя ворганы й службовыя асобы.

Указам, надрукаваным 30 кастрычніка, Пласкавіцкі прызначаны часовым прадстаўніком Лукашэнкі ў Савеце міністраў з надзвычайнымі паўнамоцтвамі.

І сама гэтая пасада – часовы прадстаўнік ва ўрадзе, і мэта, дзеля якой яна ўведзеная – зьявы для Беларусі абсалютна новыя. Пласкавіцкі павінен на працягу двух тыдняў – да 15 лістапада – забясьпечыць стварэньне гэтак званае "Дырэктывы аб асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага разьвіцця Беларусі". Заўважце: не "пляну" і не "асноўных напрамкаў", як было ўсе гады дагэтуль, а менавіта дырэктывы – тэрмін для найноўшай гісторыі Беларусі зусім нязвыклы, са сталінскіх часоў у якасьці назвы дакумэнту амаль не выкарыстоўваўся.

На гэтыя два тыдні ўлада Пласкавіцкага над Саветам міністраў фактычна неабмежаваная. Ён выконвае толькі даручэньні Лукашэнкі, а ягоныя даручэньні павінны выконваць усе астатнія. Калі хто-небудзь аслухаецца Пласкавіцкага, то будзе аўтаматычна лічыцца адхіленым ад пасады з таго моманту, як ён, Пласкавіцкі, паведаміць пра гэта Лукашэнку. А далейшы лёс такога чыноўніка будзе вырашацца адпаведным рашэньнем Лукашэнкі.

Дырэктыва гэтая – ні што іншае, як эканамічная стратэгія дзяржавы на наступны год. Ва ўсе часы і ва ўсіх краінах выпрацоўкаю такой стратэгіі займаецца найперш урад – тыя людзі, якія занятыя гаспадаркай і за гаспадарку мусяць адказваць сваімі міністэрскімі партфелямі.

Аляксандр Пласкавіцкі – юрыст, начальнік дзяржаўна-праўнае ўправы прэзыдэнцкай Адміністрацыі. Пасаду гэтую атрымаў пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 96-га году. А да таго часу нязьменна выкарыстоўваўся прэзыдэнцкім бокам пад час сутычак паміж Лукашэнкам і Вярхоўным Саветам. Вызначыўся тым, што гатовы быў юрыдычна абгрунтаваць любы прэзыдэнцкі ўказ, як бы відавочна той указ ні супярэчыў тагачаснае Канстытуцыі.

Сівавалосы прэм'ер Лінг зь 1 лістапада мусіць паслухмяна выконваць загады юнага чыноўніка лукашэнкавай Адміністрацыі. Для прэм'ер-міністра становішча зьневажальнае. Але не ў Беларусі, дзе прэм'ера ўжо прызначалі адказным за стан эканомікі ў Менскай вобласьці, а потым паставілі над ім антыкрызысны штаб. Праўда, крызыс з таго часу толькі паглыбіўся, а пра штаб ужо год анічога не чуваць.

Дзіўны жэст з Пласкавіцкім – гэта, хутчэй за ўсё, жэст бездапаможнасьці. Днямі Мінстат апублікаваў апошнія зьвесткі наконт спажывецкіх цэнаў. За першыя два тыдні кастрычніка яны вырасьлі амаль на 9 адсоткаў, а з пачатку году – больш як у два з паловаю разы. Інфляцыя, як іржа, паглынае беларускую эканоміку й робіць яшчэ ўчора параўнальна забясьпечаных людзей беднымі, а бедных – жабракамі. Лукашэнка, відавочна, ужо даўно ня мае аніякіх ілюзіяў адносна свайго пакорлівага й безадмоўнага ўраду. А Пласкавіцкі… Ён заўсёды пісаў Лукашэнку такія бездакорныя і строгія ўказы й дэкрэты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG