Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

(эфір 30 кастрычніка)
Колькасьць вязьняў, якія ўтрымліваюцца за кратамі за свае палітычныя перакананьні, у Беларусі ўзрастае. Як вядзецца разгляд іхных справаў? Якія зьмены адбыліся тут на мінулым тыдні?

Сёньня ў Беларусі за кратамі ўтрымліваюцца некалькі палітычных вязьняў: Міхал Чыгір, Уладзімер Кудзінаў, Васіль Лявонаў, Андрэй Клімаў, Мікола Статкевіч, Валеры Шчукін, Герман Сушкевіч, Глеб Догіль, Андрэй Валабуеў і Антон Лазараў.

На гэтым тыдні Міхал Чыгір знаёміцца з матэрыяламі крымінальнае справы, якая складаецца з 18 тамоў. Напрыканцы сьледзтва крымінальная справа паводле галоўнага абвінавачваньня паводле артыкулу 91 (крадзёж у асабліва буйных памерах) спыненая з-за адсутнасьці доказаў.

Засталіся абвінавачваньні, якія тычацца разьдзелу крымінальнага кодэксу аб службовых злачынствах. Гэта – халатнасць, злоўжываньне службовым становішчам і прысваеньне паўнамоцтваў.

Улады ўвесь час сьцьвярджалі, што справа Чыгіра ніякім чынам ня можа лічыцца палітычнай. Але першы том цалкам абвяргае гэты пастулат. Том складаецца са сьпісу сябраў ініцыятыўнае групы прэзыдэнцкае выбарчае кампаніі, у якім утрымліваецца яшчэ блізу паўтары тысячы подпісаў. У справе ёсьць службовая запіска Віктара Шэймана і нават рэзалюцыя Лукашэнкі "пасадзіць". Наколькі справіцца з гэтым загадам беларуская праваахоўная сыстэма, будзе бачна толькі пасьля вынясеньня судовага прысуду.

У Ленінскім судзе Менску на працягу тыдня працягвалася судовае паседжаньне ў справе Андрэя Клімава. Былі заслуханыя паказаньні 16 сьведкаў, прадстаўнікоў ад розных фірмаў, якія забясьпечвалі фірму Клімава будаўнічымі матэрыяламі. Гэта стала неабходным толькі таму, што сьледзтва дало заключэньне, нібыта ўсе накладныя фіктыўныя, але нават не паклапацілася пра тое, каб гэта даказаць.

У справе Васіля Лявонава таксама кожны дзень апытваліся сьведкі – супрацоўнікі міністэрства сельскае гаспадаркі й харчаваньня. Усе яны даюць Лявонаву выключна станоўчыя характарыстыкі.

Стан здароўя Васіля Лявонава так і не палепшыўся. Супрацоўнікі міністэрства паведамілі, што раней, пры Лявонаве, калгас "Расьвет" ніколі не атрымліваў фінансавае дапамогі ад дзяржавы. А за апошнія два тыдні на просьбу новага кіраўніцтва гаспадарцы было пералічана некалькі грашовых крэдытаў.

Крымінальныя справы ўдзельнікаў "Маршу Свабоды" дэпутата Валерыя Шчукіна, лідэра сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча, маладафронтаўцаў Германа Сушкевіча, Глеба Догіля, Андрэя Валабуева і прадпрыймальніка Антона Лазарава знаходзяцца ў пачатковай стадыі сьледзтва: вядзецца пошук доказаў.

Дэпутата Шчукіна напачатку тыдня перавялі ў лепшую камэру. Там разам зь ім утрымліваюцца толькі чатыры чалавекі. У мэдсанчастцы яму робяць неабходныя мэдычныя працэдуры дзеля лячэньня астэахандрозу.

Старшыню "Народнае Грамады" Міколу Статкевіча таксама напачатку тыдня перавялі ў новую камэру, але там умовы ўтрыманьня горшыя, чым у папярэдняй. Стан яго здароўя ў выніку галадоўкі значна пагоршыўся. Адміністрацыя СІЗА дазволіла сваякам Міколы Статкевіча праз мэдычны ізалятар перадаваць яму мінэральную ваду.

Уладзімер Кудзінаў за гэты тыдзень не атрымаў аніводнага адказу на свае шматлікія скаргі ў наглядныя інстанцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG