Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 31 кастрычніка)
Апанэнты Зянона Пазьняка абралі ўчора позна ўвечары сваім новым старшынём Вінцука Вячорку.За яго аддалі галасы 228 дэлегатаў зьезду. За спадара Пазняка было аддадзена 11 галасоў.

Нагадаю,што ўчора ўраніцу павінна была адбыцца 2-я сэсыя 6-га зьезду БНФ. Аднак у выніку скандалу паміж прыхільнікамі Вячоркі й Пазьняка большая частка дэлегатаў пакінула залю паседжаньняў.

Канфлікт пачаўся з таго, што прадстаўнікі партыі Зянона Пазьняка на працягу 2-х гадзінаў не дапускалі ў будынак палацу культуры "Сукно" сваіх апанэнтаў зь лягеру Вячоркі.

Абодва бакі, абвінавачвалі адзін аднога ў жаданьні прыцягнуць на зьезд як мага большую колькасьць сваіх прыхільнікаў, каб выйграць галасаваньне ў выбары старшыні БНФ. А паколькі паплечнікі З.Пазьнякка зьяўляліся ўчора афіцыйнымі арандатарамі залі палацу, то ў сувязі з гэтым яны не хацелі саступаць мейсца ў прэзыдыюме сваім апанэнтам.

У выніку прыхільнікі В.Вячоркі,якіх у залі аказалася бальшыня, пакінулі паседжаньне зьезду. Паплечнік сп. Вінцука Лявон Баршчэўскі заклікаў гэтую частку дэлегатаў правесьці зьезд ў тым жа памяшканьні, але а 18-й гадзіне ўвечары.

Тым часам, 111 дэлегатаў-прыхільнікаў сп. Пазьняка правялі пад кіраўніцтвам Юрася Беленькага асобны зьезд, пад час якога падцьвердзілі паўнамоцтвы свайго лідэра, а таксама абралі новых намесьнікаў старшыні арганізацыі – спадароў Анцыповіча, Старчанку й Беленькага.

Зьезд прыхільнікаў т. зв. палітыкаў "новае хвалі", які пачаўся ўчора ўвечары, прыняў рашэньне аб правядзеньні таемнага галасаваньня па кандыдатурах старшыні гэтае часткі Фронту, шасьці ягоных намесьнікаў і 49-ці сябраў Сойму БНФ.

Было раздадзена 246 выбарчых бюлютэняў і дэлегаты на працягу паўгадзіны апускалі іх у скрыні. Падліковая камісыя працавала амаль усю ноч і сёньня на ранішнім паседжаньні зьезду былі абвешчаныя вынікі галасаваньня.

11 дэлегатаў аддалі свае галасы Зянону Пазьняку, 228 чалавек выказаліся за тое, каб старшынём гэтае фронтаўскае групы стаў Вінцук Вячорка. Ягонымі намесьнікамі зьезд бальшынёю галасоў абраў спадароў Бяляцкага, Хадыку, Сіўчыка, Івашкевіча, Фёдарава й Севярынца. Кандыдатура сп. Беленькага, вылучаная на ліпеньскай сэсыі зьезду тады яшчэ адзінага Фронту Зянонам Пазьняком не атрымала дастатковай падтрымкі дэлегатаў. Зьезд прыхільнікаў Вінцука Вячоркі абраў новы склад Сойму й кіруючыя воганы партыі БНФ.

Дэлегаты таксама прынялі некалькі ўхвалаў і зваротаў зьезду – аб сытуацыі вакол падпісаньня беларуска-расейскае хаўруснае дамовы, аб спыненьні гэнацыду чачэнскага народу, і патрабаваньне да беларускіх уладаў пра неадкладнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў і актывізацыі пошукаў зьніклых Захаранкі, Віньнікавай, Ганчара й Красоўскага. Пасьля заканчэньня зьезду, дэлегаты амаль у поўным складзе накіраваліся ў Курапаты на мітынг-рэквіем па ахвярах бальшавіцкіх рэпрэсыяў.

XS
SM
MD
LG