Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 01 лістапада 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ўначы лідэр сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Мікола Статкевіч са сьледчага ізалятара быў прывезены дадому: яму зьмянілі меру стрыманьня. Пазьней, а 12-й гадзіне дня, сьледзтва пачало адпускаць пад падпіску аб нявыезьдзе астатніх арыштаваных удзельнікаў "Маршу Свабоды": дэпутата Валерыя Шчукіна, маладафронтаўцаў Глеба Догіля, Германа Сушкевіча, Андрэя Валабуеўа і прадпрыймальніка Антона Лазарава.

Учора а 10 гадзіне ўвечары адчыніліся дзьверы камэры й супрацоўнік СІЗА абвясьціў: "Статкевіч, з рэчамі на выхад". Міколу Статкевіча прывялі да дзяжурнага і той зачытаў яму пастанову пракурора аб зьмяненьні меры стрыманьня. Супрацоўнікі СІЗА не дазволілі Статкевічу самастойна дабірацца дахаты. Яны выклікалі машыну "хуткай дапамогі", і на ёй супрацоўнік СІЗА і двое ў цывільным суправаджалі Статкевіча. У машыне яму паведамілі, што, паколькі ў Менску зьнікаюць людзі, то лепш ім самім прывезьці яго дахаты.

Дэпутата Валерыя Шчукіна а 14-й гадзіне адпусцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Ён паведаміў нашаму радыё: "Меру стрыманьня мне зьмянілі з утрыманьня пад вартаю на падпіску аб нявыездзе. За межы Менску бязь ведама сьледчага я зьехаць не магу. А што тычыцца ўмоваў утрыманьня, то ў СІЗА да палітычных ставяцца зь вялікай павагаю. Мелі мейсца факты некарэктных паводзінаў з боку ніжэйшага зьвяна адміністрацыі СІЗА. Але пасьля майго звароту да кіраўніцтва СІЗА да мяне сталі адносіцца зь вялікай пашанаю. Мяне ўразіла тое, што ў СІЗА вельмі сьпяшаліся адпусьціць мяне й не змаглі растлумачыць прычыны такога рашэньня".

Маладафронтаўцы Герман Сушкевіч і Глеб Догіль ужо на волі, Андрэй Валабуеў і прадпрымальнік Антон Лазараў у гэты час падпісваюць дакумэнты, каб пакінуць СІЗА.

Міхал Чыгір, якога АБСЭ таксама згадала ў заяве, па-ранейшаму ўтрымліваецца за кратамі, нягледзячы на тое, што крымінальная справа паводле галоўнага абвінавачваньня (крадзёж у асабліва буйных памерах) спыненая, а тыя артыкулы абвінавачваньня, якія тычаццца службовых злоўжываньняў, згодна з нормамі крымінальна-працэсуальнага права, не патрабуюць ізаляцыі.

XS
SM
MD
LG