Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Учора позна ўвечары з турмы пад падпіску аб нявыезьдзе нечакана быў вызвалены лідэр Сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Мікола Статкевіч. Сёньня мы зьвязаліся зь ім па тэлефоне, каб высьветліць, як зь ім абыходзіліся ў турме, пры якіх умовах адбылося ягонае вызваленьне і чаму ўлады пайшлі на такі крок?

(Карэспандэнт: ) "Як за ўвесь час зьняволеньня абыходзіліся з Вамі?

(Стакевіч: ) "Абыходзіліся як з арыштантам. Ня больш і ня менш. Былі, праўда, і спробы ўціску з мэтай прымусіць мяне спыніць галадоўку, але, ў асноўным, ўскосныя, праз суседзяў па камэры, што аднак не ўдалося і дало хутчэй за ўсё адваротны эфэкт. Што тычыцца майго вызваленьня, дык адбылося яно нейкім дзіўным чынам.

Недзе каля дзясятай гадзіны ўчора вечарам мне сказалі зьбірацца з рэчамі і я,нават, падумаў, што накіроўваюць мяне ў іншую камэру або ў бальнічны корпус ў сувязі з галадоўкай, хаця-ж і рана. Я галадаў толькі два тыдні…

Але мяне прывялі да дзяжурнага…Там была вялікая колькасьць народу, лекар, нейкія людзі ў цывільным…Мне была прад'яўленая пастанова аб зьмене меры стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. Адзін з гэтых людзей ў цывільным, наколькі я зразумеў, адзін з кіраўнікоў ці намесьнік кіраўніка ізалятара, сказаў, што ў 19 гадзін вечара ў нядзелю пракуратура прыняла рашэньне аб зьмене меры стрыманьня. Прайшлі яшчэ дзьве гадзіны, і зараз яны мяне даставяць да хаты.

Яны не далі мне магчымасьці каго-небудзь паведаміць аб вызваленьні. Яны самі ўпэўніліся, што ў мяне дома ёсьць нехта з маіх блізкіх, сказалі, каб яны былі на месцы і ім праз паўгадзіны патэлефануюць. На самой справе мяне пасадзілі ў аўтамабіль хуткай дапамогі і ў суправаджэньні лекара, таго вось начальніка і нейкіх людзей ў цывільным прывезьлі да хаты, давялі да дзьвярэй, і як быццам "перадалі" сям'і, адзначыўшы, што зараз зьнікаюць людзі і яны хацелі б быць ўпэўненыя, што я сапраўды сярод сям'і.

Яны відавочна вельмі баяліся, каб заўчасна ніхто не даведаўся пра вызваленьне. Бо ж маё вызваленьне, гэта, найперш, – вынік міжнароднай салідарнасьці. Мая галадоўка не магла ж занадта паўплывала на пазыцыю ўладаў.

Асноўны фактар – гэта тое, што ў рэжыму няма альтэрнатывў. Няма падтрымкі нават з боку Масквы, сытуацыя ў эканоміцы жудасная. А з другога боку, ў апазыцыі ёсьць альтэрнатыва. 17 кастрычніка яскрава даказала, што грамадзтва ня толькі незадаволенае, але што ёсьць ўжо значная частка грамадзтва, якая здольная змагацца за свабоду. 17 кастрычніка ледзь не да панікі напалохала ўладу і таму перад гэтай альтэрнатывай яны вымушаныя былі прыслухацца да АБСЭ і да ўльтыматуму, які быў прад'яўлены гэтай Арганізацыяй.

Ў асобе спадара Севярына АБСЭ запатрабавала да панядзелку вызваліць мяне і Чыгіра. Вельмі важнае было тое, што напярэдадні са спадаром Севярынам сустракаліся беларускія апзыцыйныя палітыкі, ў тым ліку мая жонка, намесьнік Старшыні партыі спадарыня Стужынская і былі прад'яўленыя доказы неправамоцных дзеяньняў міліцыі 17 кастрычніка. Была таксама прад'яўленая відээкасэта, на якой бачныя былі і мае паводіны і паводзіны АМОНўцаў, якія білі людзей ў сьпіну…"

(Карэспандэнт: ) "Ці была ў Вас, ці даходзіла інфармацыя пра дзейнасьць, пра заявы Сацыял-дэмакратычнай партыі?"

(Стакевіч: ) "Была! Спачатку і я, і іншыя ў камеры, мы мелі магчымасьць атрымоўваць газэты. Потым гэтай магчымасьці мяне хутка пазбавілі, пачалі дбайна абшукоўваць перад і пасьля сустрэчаў. Але мая жонка выступала ў якасьці майго грамадзкага абаронцы. Яна мне прыносіла газэты, і я меў магчымасьць чытаць іх".

(Карэспандэнт: ) "Як разумею, цяпер Вы маеце намер адпачыць, аднавіць сілы?"

(Стакевіч: ) "Не! Ў мяне вельмі шмат працы. Я думаю, трэба пачаць працу за вызваленьне астатніх зьняволеных, і ўжо сёньня я сустракаюся з тройкай ад ЭўраЗьвязу. Трэба неадкладна зрабіць ўсё магчымае, каб вызваліць з-за кратаў гэтых маладых людзей.

Бо кажу, тое, што грамадзяне Беларусі зрабілі 17 кастрычніка, гэта быў подзьвіг веры і свабоды. Перш чым ў Беларусі нешта зрушыцца ў бок дэмакратыі, я думаю цяпер трэба нешта рабіць дзеля тых, хто пасьля 17 кастрычніка трапіў за краты. Па-другое, як заўсёды ў партыі шмат працы, а я ж не спыняў сувязяў з партыяй і праз сваю жонку перадаваў інструкцыі, указаньні, спрабуючы кіраваць партыяй адтуль".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG