Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 29 кастрычнiка 1999 г.


Сяргей Шупа, Вільня

(эфір 28 кастрычніка)
Учорашні выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Дзяржаўнай Думе Расеі знайшоў шырокі водгук у друку суседніх зь Беларусьсю краінаў.

Сёньняшнія паведамленьні пра выступ Лукашэнкі ў Маскве выйшлі пад красамоўнымі загалоўкамі: «Лукашэнка-шоў» (польская Gazeta Wyborcza), «Туга па саюзу» (Rzeczpospolita), «Сэанс гіпнозу ў Дзярждуме» (латвійская газэта Час), «Лукашэнка абазваў МВФ жульём» (славацкая Narodna Obroda).

Усе газэты аднадушна зазначаюць войстры антызаходні тон Лукашэнкавых выпадаў у Думе. «На думку беларускага дыктатара, аб'яднаньне Беларусі й Расеі абсалютна неабходнае дзеля абароны ад супольнага ворага, якім ёсьць Захад», - рэфэруе прамову газэта Rzeczpospolita і працягвае: «Лукашэнка ня можа скласьці сваіх паўнамоцтваў, бо, на ягоную думку, існуе небясьпека незаконнага захопу ўлады сіламі, якія падтрымвае ЦРУ і заходнія краіны».

Gazeta Wyborcza ацэньвае Лукашэнкаву прамову як старт вялікай палітычнай кар'еры ў Расеі. І стар гэты, - піша газэта, - быў надзвычай удалы - для расейскіх думцаў ягоныя словы былі як бальзам на сэрца, штохвіліны ягонае прамова перапынялася авацыямі.

Расейская дума, - працягвае Gazeta Wyborcza яшчэ ніводнаму госьцю не дазваляла выступаць так доўга. Замест 45 хвілінаў Лукашэнка прамаўляў гадзіну і 45 хвілінаў. Сканчэньне прамовы заля сустрэла стоячы. Пры выхадзе з залі чарговую авацыю зладзілі выпускнікі вайсковых вучэльняў, якія пры нагодзе «выпадкова» апынуліся ў Думе. А пасьля, калі ўн ужо выходзіў, памочнікі дэпутатаў блаславілі яго на разьвітаньне: «Хай вас Бог беражэ, таварыш Лукашэнка».

Славацкая газэта SME зьвярнула ўвагу на тое, што прэзыдэнт Расеі Ельцын насуперак усяму сьвету надалей прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь.

Адзначаюць газэты й той факт, што Лукашэнка падчас свайго выступу ні разу не згадаў пра жорсткі разгон Маршу Свабоды 17 кастрычніка, а замест гэтага павучаў Расею як ёй належыць весьці сваю ўнутраную й замежную палітыку.

Урэшце, латвійская расейскамоўная газэта Час у карэспандэнцыі «Сэанс гіпнозу ў Дзярждуме», якая выйшла з падзагалоўкам «Палымяны аратар», зазначыла, што палымянаму правадыру кубінскае рэвалюцыі ёсьць цяпер чаму пазайздросьціць — на ўсходняй паўкулі Зямлі ў яго зьявіўся дастойны супернік у майстэрстве.

XS
SM
MD
LG