Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 29 кастрычнiка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Расейскае вайсковае камандаваньне паведаміла, што яго часткі знаходзяцца ў 10 кілямэтрах ад Грознага. Але пакуль што няма плянаў штурму чачэнскае сталіцы. Мэта расейскага войска – атачыць Грозны з усіх бакоў і пачаць доўгатэрміновую аблогу. Тое самае датычыць другога, паводле колькасьці жыхароў, гораду Чачні – Гудэрмэсу.

З інспэкцыяй расейскіх войскаў у Чачню прыбыў міністар абароны Расеі маршал Ігар Сяргееў. Ён таксама пацьвердзіў інфармацыю аб тым, што расейская армія цяпер ня мае плянаў штурму Грознага, але заявіў: "Мы прыйшлі сюды, каб застацца тут назаўсёды. Ніхто не павінен ў гэтым сумнявацца".

На думку расейскага міністра, першы этап апэрацыі супроць чачэнскіх тэрарыстаў прайшоў пасьпяхова, а цяпер неабходна заваяваць давер чачэнскага насельніцтва і нармалізаваць мірнае жыцьцё тут. Ён, праўда, не ўдакладніў, якім чынам расейская армія зьбіраецца гэта рабіць.

Аднак пакуль тое, што робіць расейская армія ў Чачні, зусім не спрыяе менавіта "заваяваньню гэтага даверу". Колькасьць уцекачоў у адной Інгушэціі з зоны баёў паволі набліжаецца да 180 тысячаў, нягледзячы на тое, што расейская армія заблякавала мяжу паміж Чачней і Інгушэціяй, і не дазваляе новым тысячам уцекачоў яе перакрочваць.

Газета "International Herald Tribune" зьмяшчае на сваіх старонках рэпартаж свайго карэспандэнта з чачэна-інгушскай мяжы. Яе журналіст Даніэль Вільямс апісвае, як група з 10 чэчэнскіх жанчынаў і 18 дзяцей зьвярнулася да расейскіх жаўнераў, якія пільнуюць кантрольна-прапускны пункт на мяжы. Адзін зь іх брыдка адказвае чачэнцам: "Мы прапусьцім вас праз мяжу толькі тады, калі вы будзеце мертвымі".

Узмацніла свае ўдары па Чачні і расейская авіяцыя. Толькі за мінулыя суткі было зроблена больш за 100 вылетаў. У Грозным зьнішчаная прыватная рэзыдэнцыя прэзыдэнта Аслана Масхадава, дамы Шаміля Басаева, Салмана Радуева, былога прэзыдэнта Яндарбіева і некаторых іншых чачэнскіх лідараў. Бомбы ўпалі і на жыльлёвыя кварталы. Паводле інфармацыі чачэнскага боку загінула ня менш за 115 мірных жыхароў.

Адзіная міжнародная арганізацыя, прадстаўнікі якой да апошняга часу ўсё яшчэ знаходзяцца ў Чачні "Лекары бязь межаў" паведаміла ў Парыжы, што яе мэдычны пэрсанал вымушаны быў у сувязі з бамбаваньнем і абстрэламі пакінуць Грозны і накіравацца ў Гудэрмэс. Разам зь лекарамі ў Гудэрмэс накіраваліся сотні параненых падчас апошніх абстрэлаў. Прыгадаю, што арганізацыя "Лекары бязь межаў" сёлета атрымала Нобэлеўскую прэмію міру за сваю гуманітарную дзейнасць.

У Грозным і іншых гарадох Чачні няма электрычнасьці, газу, вады. Не хапае прадуктаў харчаваньня і лекаў. Расейскія войскі не прапускаюць праз свае баявыя парадкі міжнародную гуманітарную дапамогу, а накіроўваюць канвоі з дапамогай у лягеры ўцекачоў у Інгушэціі. Чачня паволі набліжаецца да гуманітарнай катастрофы.

У сувязі з гэткай сытуацыяй на Каўказе, міжнародная грамадскаць выказвае сваю глыбокую заклапочанасьць пагрозай новай гуманітарнай катастрофы. Гэнеральны Сакратар ААН Кофі Анан заявіў у Ню Ёрку: "Мы заклікаем абодвы бакі выказаць стрыманасьць, каб пазьбегнуць новых ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва". Анан пастанавіў накіраваць у Чачню спэцыяльную гуманітарную місію, каб на месцы назіраць за разьвіцьцём сытуацыі.

У Вашынгтоне прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан заклікаў Расею прыпыніць баявыя дзеяньні і пачаць перамовы, каб знайсьці палітычнае рашэньне крызысу. На думку Клінтана, расейскае кіраўніцтва раней ці пазьней пераканаецца, што перамовы ня маюць альтэрнатывы.

Амэрыканскі прэзыдэнт далей падкрэсліў:

(Клінтан: ) "Я думаю: справа ў тым, што існуе палітычнае рашэньне гэтага крызісу, а ня ў тым, як доўга расейскі ўрад надалей будзе шукаць ваеннага рашэньня. Я заўсёды лічыў, што ня можа быць іншага канчатковага вырашэньня гэтага канфлікту, акрамя палітычнага".

Між тым спэцыяльны вайсковы прадстаўнік расейскага ўраду гэнерал Манілаў на прэсавай канфэрэнцыі ў расейскай місіі ў ААН на прамое пытаньне: на якіх варунках магчымыя перамовы Масквы з чачэнскім бокам, адказаў: "Сёньня перамовы з забойцамі і тэрарыстамі немагчымыя".

XS
SM
MD
LG