Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 кастрычнiка 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

(эфір 28 кастрычніка)
Савет міністраў Беларусі выдаў дакумэнт, які павінен, паводле меркаваньня ўраду, палепшыць сытуацыю на рынку харчаваньня. Новы парадак закупу жывёлы, мяса птушкі й малака для дзяржаўных патрэбаў фактычна ўводзіць у краіне харчразьвёрстку. Відавочна, што такія мэтоды могуць толькі пагоршыць сытуацыю з харчаваньнем.

Дакумэнт прадугледжвае, што калгасы могуць перапрацоўваць на давальных умовах ці прадаваць жывёлу, малако й птушку толькі тым юрыдычным асобам, якія маюць ліцэнзію на вытворчасьць мясных і малочных вырабаў с наступнай іх рэлізацыяй, а таксама прадпрыймальнікам і юрыдычным асобам, якія маюць ліцэнзіі на гандаль такімі вырабамі.

Вядома, што юрыдычных асобаў, якія маюць такія ліцэнзіі, у Беларусі няшмат. Бальшыня зь іх – дзяржаўныя. Раней гаспадаркі жылі за кошт таго, што прадавалі частку прадукцыі ў замежжа ці ў Беларусь паводле коштаў, вышэйшых за ўстаноўленыя дзяржаваю. Але нават гэта не вырашала іх фінансавых праблемаў. Калгасам усё роўна была патрэбная дзяржаўная дапамога.

Вядома, што адна з найбольш сур'ёзных прычынаў дэфіцыту на беларускім рынку харчаваньня – нізкія кошты, паводле якіх дзяржава купляе сельскагаспадарчую прадукцыю. Таму калгасы спрабавалі прадаваць прадукты не дзяржаве, а фірмам, якія могуць прапанаваць вышэйшыя кошты. Новы парадак скіраваны на тое, каб у сельскагаспадарчых прадпрыемстваў не было выбару, каб яны вымушаныя былі прадаваць амаль усё дзяржаве паводле нізкіх цэнаў.

Такія меры ў сапраўднасьці прывядуць да новых банкруцтваў калгасаў і саўгасаў. Ім яшчэ ў большай ступені давядзецца залежыць ад дзяржаўных субсыдыяў. А падтрымка аграрнікаў і без таго нанесла вялікія страты камэрцыйным банкам. Так што новыя меры могуць адбіцца на сельскай гаспадарцы яшчэ больш адмоўна, чым можна чакаць.

Згодна з новым урадавым дакумэнтам, паводле інфармацыі агэнцыі "БелаПАН", сельскагаспадарчыя прадпрыемствы могуць пакінуць для ўласнага спажываньня толькі 5 адсоткаў ад агульнагадавой рэалізацыі мясных і малочных вырабаў.

XS
SM
MD
LG