Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 кастрычнiка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Зь 1 лістапада Расея мяняе на сваёй тэрыторыі транспартныя парадкі. Суб'екты гаспадараньня й грамадзяне Беларусі, зьвязаныя з гэтай краінаю, павінны ведаць, што амаль на 13 адсоткаў там падаражэюць грузавыя чыгуначныя перавозкі, на 10–20 адсоткаў – пасажырскія тарыфы. У гэты ж дзень уступяць у дзеяньне і болей жорсткія правілы ўезду ў Расею для грузавога аўтамабільнага транспарту.

Аўтарам новаўвядзеньня стала расейская мытня. Яе старшыня Міхал Ванін напрыканцы верасьня выдаў дакумэнт, у якім распарадзіўся зьмяніць правілы ўезду на расейскую тэрыторыю для міжнародных аўтаперавозчыкаў.

У прыватнасьці, пры адсутнасьці ліцэнзіяў на гэты від дзейнасьці, аўтаперавозчыкі павінны карыстацца мытным суправаджэньнем, за якое патрабуецца дадатковая аплата.

Няма сумневу, што згаданае рашэньне выкліканае жаданьнем мытні атрымаць для расейскага бюджэту дадатковыя сродкі, якія можна было б накіраваць, у прыватнасьці, на чачэнскую ваенную кампанію.

Нягледзячы на тое, што дакумэнт супярэчыў міжнародным правілам грузавых аўтаперавозак, 10 кастрычніка ён быў уведзены ў дзеяньне. Наступствам яго сталі вялізныя чэргі на беларуска-расейскім памежжы.

Беларуская асацыяцыя аўтаперавозчыкаў зьвярнулася па дапамогу ў міжнародны ворган – Зьвяз аўтатранспартнікаў, а таксама накіравала пратэст Дзяржаўнаму мытнаму камітэту Расеі.

Яго кіраўнік спадар Ванін празь некалькі дзён вярнуўся да свайго скандальнага рашэньня. Але не адмяніў яго, а толькі адтэрмінаваў да 1 лістападу.

Як будуць разгортвацца падзеі пасьля гэтае даты? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да начальніка аддзелу міжнародных перавозак Беларускай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Алега Германовіча:

(Германовіч: ) "Ведаючы як ставіцца Расея да ўсіх новаўвядзеньняў, ня выключана. што нас будуць спыняць – і ўсё. І пакуль паспрабуем нешта даказваць – будзе йсьці час, будзем губляць грошы. Адным словам, беларускія аўтаперавозчыкі мусяць быць падрыхтаванымі да новых выдаткаў. Расейскія мытнікі, як вынікае са зваротаў нашых перавозчыкаў, няспынна патрабуюць у беларускіх кіроўцаў, каб мелі пры сабе ліцэнзію".

Зрэшты, гэтымі складанасьцямі, паводле ягоных словаў, цяперашнія праблемы ня вычэрпваюцца. Нягледзячы на шматлікія перамовы, практычнай інтэграцыі транспартнікаў дзьвюх дзяржаваў як ня было, так і няма. Да прыкладу, на ўезд у Расею для беларускіх кіроўцаў працягваюць дзейнічаць колькасныя абмежаваньні або так званая сыстэма дазволаў.

Прычым, як лічаць у Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў, гэтыя абмежаваньні вельмі жорсткія. Гаворыць Алег Германовіч:

(Германовіч: ) "Выдаецца дазвол з разьліку: адзін дазвол на чатыры аўтамабілі. Гэта вельмі мала. Калі беларускае транспартнае прадпрыемства мае сто ці дзьвесьце аўтамабіляў, то такая сыстэма дазволаў на ўезд у Расею спрычыняецца да прастою пераважнай бальшыні зь іх".

XS
SM
MD
LG