Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 кастрычнiка 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

У школах краіны закончылася першая чвэрць навучальнага году. Многія сталічныя школьнікі ўсё яшчэ не пакідаюць надзеі адстаяць сваё канстытуцыйнае права вучыцца па-беларуску. Чыноўнікі ўсіх узроўняў заяўляюць вучням ды іхным бацьком, што ніхто, маўляў, не забараняе, на самрэч жа робяць адваротнае.

Зьміцер Раманцоў вучыцца ў шаснаццатай менскай школе-ліцэі з трэцяй клясы. Да гэтага хлопчык вучыўся ў 166-й школе, але пасьля заканчэньня дзьвюх клясаў бацькі змушаныя былі шукаць іншае мейсца, бо родную мову там замянілі на расейскую.

Выбар упаў на 16-ю, як бліжэйшую ад дому, бо ў сям'і яшчэ двое дзяцей, якія ў той год сталі першаклясьнікамі. Два гады ўсё йшло больш-менш нармалёва, але калі Зьміцер Раманцоў пайшоў у пятую клясу, то матэматыку сталі выкладаць па-расейску. А ні Зьміцер, а ні ягоныя бацькі не згадзіліся на гэта й дамагліся, каб хлопчыку матэматыку выкладалі па-беларуску ў індывідуальным, так бы мовіць, парадку.

Так прайшоў год і вось ў сёлетнім навучальным годзе беларуская мова зьнікла і з астатніх прадметаў. Нязгодным з гэтым Раманцовым адміністрацыя школы, а ўсьлед за ёю і кіраўніцтва гарадзкой ўправы адукацыі прапанавалі перайсьці ў 4-ю школу-гімназію, якая ў іхным Фрунзэнскім раёне сталіцы фактычна засталася адзінаю беларускаю школаю. У яе сёлета адміністрацыі ўсіх школаў раёна адпраўляюць тых настойлівых вучняў, якія не згаджаюцца вучыцца па-расейску. Сьвежы прыклад – перавод у 4-ю школу некалькіх вучняў з 38-е школы.

Аднак бацькі Зьміцера Раманцова ня згодныя з гэтым у прынцыпе. Па-першае, гэтая школа месьціцца далёка ад дому Раманцовых, а калі пераводзіць Зьміцера, то трэба пераводзіць і дваіх малодшых дзяцей, бо перад імі пасьля заканчэньня пачатковых клясаў паўстане тая ж праблема. Па-другое, Зьміцеру ўжо аднойчы давялося мяняць школу па той самай прычыне, і дзе гарантыі, што праз нейкі час не паўторыцца тое ж і тут? Да таго ж, калі дзеці пайшлі ў 16-ю школу, то маці адмыслова знайшла там працу дзеля таго, каб болей часу быць зь імі. І па-трэцяе, – гэта, паводле словаў бацькі хлопчыка Ўладзімера Раманцова, – самае галоўнае:

( Раманцоў: ) "Чаму я павінен плаціць за тое, што я беларус і хачу вучыць сваіх дзяцей па-беларуску, чаму я павінен чым-небудзь ахвяраваць?

Мне задавалі пытаньне ў мінулым годзе, маўляў, ёсьць жа вывучэньне матэматыкі, паглыблены там курс, ангельская мовы, людзі ж вось возяць дзяцей сваіх далёка, на канец горада, і згаджаюцца з гэтым, а чаму вы не згаджаецеся? А чаму я павінен згаджацца?

Гэта гарантавана Канстытуцыяй, на нашай зямлі мы жывем, на сваёй, чаму я павінен яшчэ чым-небудзь ахвяраваць?"

Тым часам Зьміцер Раманцоў на выдатна зкончыў першую чвэрць – зкончыў, сам сабе перакладаючы расейскамоўныя ўрокі.

Псыхалягічна хлопчыку вельмі цяжка, бо ён адзін такі, і даводзіцца, апрача дадатковае нагрузкі, вытрымліваць яшчэ й не заўсёды станоўчыя эмоцыі настаўнікаў ды аднаклясьнікаў.

Бацька ягоны тым часам зьвярнуўся да міністра адукацыі Васіля Стражава з просьбай забясьпечыць ягонаму сыну беларускамоўнае навучаньне ў 16-й школе. Адказу няма. Што плянуе ў такой сытуацыі рабіць сп. Раманцоў, дзе будзе вучыцца Зьміцер далей:

(Раманцоў: ) "Ведаючы ўсіх гэтых людзей, усю іхнюю палітыку, я не спадзяюся на нешта добрае. Вось дылема, альбо аддаваць некуды ў іншую школу, альбо вучыць тут, у 16-й школе-ліцэі? Але, відаць, мы ўсё ж вырашым зрабіць па-іншаму. Калі нам не дапамогуць, і сын ня будзе вучыцца па-беларуску, магчыма, ён ня пойдзе ў ніякую школу".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG