Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 кастрычнiка 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Маладэчна

(эфір 28 кастрычніка)
Складаньнем міліцэйскіх пратаколаў у пастарунку Маладэчанскага гарадзкога раённага аддзелу нутраных справаў на арганізатараў рэспубліканскага сэмінару, прысьвечанага праблемам жыцьцядзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў, учора ўвечары скончылася гэтае мерапрыемства, якое доўжылася ў пансыянаце "Плёсы" тутэйшага заводу "Электрамодуль" тры дні.

Грамадзкія арганізацыі "Супольнасьць", "Аб'яднаны Шлях" і Цэнтар праўных дасьледваньняў у згаданым пансыянаце праводзілі навучальны сэмінар групы прадстаўнікоў так званага "трэцяга сэктару" краіны. З панядзелка да серады запрошаныя сюды навукоўцы і спэцыялісты вучылі сэмінарыстаў, як у цяперашнім праўным полі бездакорна весьці бугальтарскі ўлік, плаціць падаткі ды іншым падобным справам.

Так, судзьдзя Канстытуцыйнага Суду, прафэсар Міхал Пастухоў сваю лекцыю прысьвяціў юрыдычным асаблівасьцям дзейнасьці незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

Пансыянат "Плёсы " месьціцца ў сасновым лесе на тэрыторыі Вілейскага раёну, так што аніякіх перашкодаў плённаму засваеньню навучаньня, здавалася, не было. Але яны, перашкоды, зьявіліся ў першай палове другога дню гэтага сэмінару. Нечакана перад сэмінарыстамі паўстаў нарад міліцыянтаў на чале з начальнікам Маладэчанскага гарадзкога раённага аддзелу нутраных справаў спадаром Скварцовым.

Апошні запатрабаваў ад прадстаўнікоў "Аб'яднанага Шляху" – Аліцыі Шыбіцкай, "Супольнасьці" – Вольгі Кажавец, Цэнтру праўных дасьледваньняў – Вольгі Смалянка "скінуць па факсу" ў гарадзкі раённы аддзел нутраных справаў паперу з нумарамі рэгістрацыйных пасьведчаньняў тых грамадзкіх арганізацыяў, чые супрацоўнікі сюды камандаваныя на вучобу. А перад сваім ад'ездам – у дадатак – загадаў арганізатарам сэмінару заўтра, у сераду, зьявіцца ў пастарунак, каб даць тлумачэньні наконт таго, якія ўладныя структуры дазволілі тут, у пансыянаце "Плёсы", праводзіць сход.

Згадка сэмінарыстаў пра тое, што навучаньне ня ёсьць сходам, што нават паводле лукашэнкаўскае канстытуцыі людзі маюць права зьбірацца на свае мерапрыемствы ў закрытых памяшканьнях, не была прынятая да ўвагі спадаром Скварцовым і загад застаўся ў сіле.

Учора ж увечары пасьля сканчэньня сэмінару міліцыянты ў пастарунку Маладэчанскага гарадзкога раённага аддзелу нутраных справаў на спадарыняў Шыбіцкую, Кажавец і Смалянку склалі адмысловыя пратаколы адносна таго, што яны ў памянёным пансыянаце правялі несанкцыянаваны сход. Сёньня гэтыя дакумэнты павінны быць накіраваныя ў Вілейскі раённы суд, на падведамаснай тэрыторыі якога нібыта і адбылося "парушэньне адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь".

Прафэсар Міхал Пастухоў гэтае парушэньне канстытуцыйнае законнасьці назваў дзікунствам. А вось што сказаў лідэр Беларускае Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Уладзімер Роўда:

(Роўда: ) "Гэта назіраецца па ўсёй Рэспубліцы. Проста, канешне, як кажуць, у кожным рэгіёне ёсьць свая спэцыфіка. Ёсьць людзі, якія зараз выслужваюцца перад уладамі: думаюць, што такімі мэтодамі яны могуць патрапіць у лік тых, каго павысяць у службе. Такіх людзей хапае. Гэта звычайныя кар'ерысты, але яны вельмі неразумныя, яны ня вельмі добра ўяўляюць сабе, у якой сытуацыі знаходзіцца нашая краіна, што прыйдзе час, калі ім прыйдзецца адказваць паводле сапраўднага дэмакратычнага закону за тыя дзеяньні, якія яны зараз дапускаюць у дачыненьнях да арганізацыяў".

Спадар Роўда зазначыў, што кіраўніцтва будзе ўважліва сачыць за той праўнай сытуацыяй, якая зараз складваецца вакол Аліцыі Шыбіцкай, Вольгі Кажавец і Вольгі Смалянкі, з тым, каб своечасова засяродзіць увагу шырокае міжнароднае грамадзкасьці да гэтага выпадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG