Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 кастрычнiка 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 28 кастрычніка)
Беларускія ўлады спрабуюць перашкодзіць апазыцыі правесьці 31 кастрычніка жалобныя мерапрыемствы, прысьвечаныя традыцыйнаму дню памінаньня продкаў – Дзядам. Менскі вабласны выканаўчы камітэт не дазволіў прадстаўнікам БНФ праводзіць мітынг у Курапатах, а кіраўніцтва сталічнае міліцыі пагражае ўжыць жорсткія захады супраць тых, хто паспрабуе 31 кастрычніка вывесьці людзей на вуліцы.

Мы паведамлялі ўжо, што некалькі актывістаў Народнага Фронту падалі ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт заяўку на правядзеньне 31 кастрычніка пікету ў памяць пра ахвяры бальшавізму ля будынку колішняга НКВД, а таксама шэсьця па ходніках праспэкту Скарыны да Курапатаў, дзе павінен адбыцца жалобны мітынг.

Гарадзкія ўлады шэсьце не дазволілі, а мейсцам правядзеньня пікету вызначылі пляц Бангалёр. Заяўку ж на мітынг ў Курапатах гарадзкі выканаўчы камітэт навогул не разглядаў, спаслаўшыся на тое, што мейсца масавых расстрэлаў знаходзіцца па-за межамі гораду й таму трэба зьвяртацца па дазвол да вабласных ўладаў.

Праўда, менскі "мэр" Уладзімер Ярмошын паведаміў заяўляльнікам, што калі людзі пойдуць па ходніках без сьцягоў і транспарантаў, а толькі, да прыкладу, са сьвечкамі, то такая акцыя ня будзе разглядацца ўладамі як шэсьце.

Аднак пазьней стала вядома, што "мэр" з гэтым абяцанЬнем пасьпяшаўся. Учора два арганізатары акцыяў на Дзяды – Юрась Пальчэўскі і Ўладзімер Юхо – былі выкліканыя ў гарадзкую ўправу нутраных справаў, дзе ім паведамілі, што Ярмошын ня меў права сам трактаваць заканадаўства. І таму, калі толькі апазыцыянэры паспрабуюць наладзіць 31-га шэсьце, міліцыя будзе ўжываць самыя жорсткія захады супраць дэманстрантаў.

Як паведаміў сп. Пальчэўскі, міліцэйскае начальства навогул паводзіла сябе вельмі агрэсыўна й проста не хацела слухаць тлумачэньні арганізатараў наконт таго, што яны ня могуць адказваць за паводзіны людзей, якія выйдуць на вуліцы, бо афіцыйна мерапрыемствы на Дзяды забароненыя.

Менскі вабласны выканаўчы камітэт таксама не дазволіў праводзіць 31-га жалобны мітынг у Курапатах, прычым зь вельмі дзіўнай матывацыяй.

Як паведаміў нашаму радыё памочнік "губэрнатара" Менскай вобласьці Сяргей Кавалькоў, ягоны шэф Мікалай Дамашкевіч перанёс правядзеньне мітынгу ў Курапатах зь нядзелі, 31 кастрычніка, на аўторак, 2 лістападу, калі Дзяды адзначаюцца афіцыйна.

На думку сп. Дамашкевіча, адзначаць Дзень памінаньня продкаў трэба згодна з афіцыйным календаром, а не тады, калі камусьці захочацца. А апазыцыі, паводле словаў Дамашкевіча, ня варта парушаць рэлігійныя каноны й традыцыі.

Вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне вабласных уладаў і пагрозы міліцыянтаў ужыць сілу намесьнік старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) "Калі камуністы пачынаюць разважаць пра рэлігійныя каноны, гэта, канечне, выклікае усьмешку. Сьвята Дзядоў – яно доўжыцца ўвесь кастрычнік і пачатак лістапада. У розныя дні ў розных мясцовасьцях, але традыцыйна адзначаюцца гэтыя сьвяты. Таму камэнтаваць тут няма што, гэта паказвае іх узровень і тое, што яны людзі няволеныя.

Правакацыі можа зрабіць любы, і мы да гэтага гатовы, але я пагляжу, якім чынам яны будуць ахвяры рэпрэсіяў, як яны паспрабуюць ужыць сілу да гэтых людзей. Я думаю, што калі ў іх падымецца рука на гэтых людзей, то знойдзецца каму гэтых людзей абараніць".

Такім чынам, прадстаўнікі БНФ не баяцца магчымых правакацыяў з боку ўладаў 31 кастрычніка і гатовыя абараніць сябе ў разе патрэбы. Паводле словаў Лявона Баршчэўскага, у гэтую нядзелю жалобныя акцыі адбудуцца ў парку Чалюскінцаў каля памятнага знаку ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсіяў, і на Маскоўскіх могілках, а скончацца мітынгам у Курапатах а 2-ой гадзіне апоўдні.

XS
SM
MD
LG