Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 кастрычнiка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Да адкрыцьця выбарчых участкаў ва Украіне засталося ўсяго два дні. І здавалася б, што напярэдадні выбараў новага украінскага прэзыдэнта ніякіх новых нечаканасьцяў ня будзе. Але ўчора зьняў сваю кандыдатуру адзін з кандытатаў Уладзімер Алейнік. І, такім чынам, у нядзелю выбаршчыкі Украіны будуць галасаваць ужо не за 14, а толькі за 13 кандыдатаў.

Калі два дні таму з прэзыдэнцкай гонкі адыйшоў лідар Украінскай Аграрнай партыі Аляксандар Ткачэнка, ён паабяцаў галасы сваіх прыхільнікаў лідару камуністаў Пятру Сыманенку. І гэта было расцэнена украінскімі палітычнымі аглядальнікамі, як сур'езная падтрымка камуністычнаму кандыдату. У Кіеве, нават, пачалі зьўляцца прагнозы, што цяпер менавіта камуністычны лідэр, а не кандыдаты, якія мелі самы высокі рэйтынг, можа разам з цяперашнім прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмам выйсьці ў другі тур.

Адыход жа Уладзімера Алейніка, хаця той і паабяцаў галасы сваіх прыхільнікаў Аляксандру Марозу, лідэру сацыялістаў, мала што можа зьмяніць. Справа ў тым, што Алейнік быў адным із выразных аўтсайдараў прэзыдэнцкай гонкі, і пераход да Мароза даволі малой групы выбаршчыкаў ня мае ўплыву на вынік выбараў.

Як вядома, усе апытаньні грамадскай думкі, паводле украінскага выбарчага закону, за тыдзень да выбараў забароненыя. І таму расклад перад першым турам застаецца нязьменным. На першым месцы з выразным адрывам ідзе цяперашні прэзыдэнт Леанід Кучма, на другім – лідэр Прагрэсыўнай сацыялістычнай партыі Натальля Вітрэнка, на трэцім – былы прэм'ер і былы старшыня украінскага КГБ Яўген Марчук. Разам зь ім трэцюю прыступку на п'едэстале кандыдатаў дзеліць Аляксандар Мароз. Усе гэтыя палітыкі – галоўныя кандыдаты на выхад разам з Кучмам у другі тур. А цяпер у сувязі з адыходам Ткачэнкі да іх далучыўся лідэр камуністаў Пятро Сыманенка.

Найлепшы шанец на перамогу ў першым туры разам з Кучмам мае Натальля Вітрэнка. І таму на характарыстыцы яе палітычнай кар'еры і яе поглядаў затрымаемся крыху падрабязней.

Натальлю Вітрэнка абралі ў склад Вярхоўнае Рады Украіны ад малога украінскага места Канатопу. І найбольш заўзятыя яе палітычныя праціўнікі называюць яе падчас перадвыбарчай кампаніі "канатопскаю вядзьмаркаю".

Дарэчы, амаль усе міжнародныя палітычныя аглядальнікі адзначаюць вельмі жорсткі і бескампрамісны ход перадвыбарчай кампаніі, калі кандыдаты не перабіраюць у сродках. Яны адкрыта абражаюць адзін аднаго, выступаюць з экстрэмісцкіх пазыцыяў.

Палітычныя погляды Натальлі Вітрэнка можна параўнаць з поглядамі Аляксандра Лукашэнкі. Яна даволі часта выказвае жаль з нагоды распаду Савецкага Саюзу, востра крытыкуе Захад, пагражае прыпыніць выплату украінскіх даўгоў, калі б яе абралі прэзыдэнтам, гаворыць даволі часта аб славянскім аддзінстве. І ўсё гэта яна робіць на вельмі добрай літаратурнай украінскай мове, чаго нельга сказаць пра некаторых яе контр-кандыдатаў.

Вітрэнка – матка трох дзяцей, доктар эканамічных навукаў. У палітыку яна прыйшла з пасады старэйшага навуковага супрацоўніка Кіеўскага Інстытуту народнай гаспадаркі. У Вярхоўную Раду яна балатавалася па сьпісах Сацыялістычнай партыі Аляксандра Мороза, і, пачаткова, яна была даволі лаяльным членам парлямэнцкай фракцыі гэтай партыі.

Але ад 1998 году яна ўступае з Марозам у востры канфлікт і стварае сваю ўласную партыю прагрэсыўных сацыялістаў. І вось цяпер на прэзыдэнцкіх выбарах яна выступае як кандыдат менавіта гэтай партыі.

Галасаваць у нядзельных выбарах прэзыдэнта Украіны маюць права каля 40 млн. выбаршчыкаў. Украінскія аналітыкі падкрэсліваюць, што калі ўдзел у выбарах будзе масавы, калі прагаласуюць да 80% выбаршчыкаў, амаль напэўна абраны будзе сёньняшні прэзыдэнт Леанід Кучма. Слабы, неактыўны ўдзел у выбарах дае шанец яго контр-кандыдатам, у тым ліку і лідэрам левых і камуністаў.

XS
SM
MD
LG