Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 28 кастрычнiка 1999 г.


Сяргей Шупа, Вільня

(эфір 27 кастрычніка)
Лёнданская нядзельная газэта "The Sunday Times" надрукавала ў сваім апошнім нумары артыкул свайго карэспандэнта ў Менску Марка Франкеці «Беларускі цар хавае жонку ад чужых вачэй».

Пухлая, румяная бабулька зусім не падобная на першую лэдзі. Ніколі не запрошаная суправаджаць свайго мужа падчас дзяржаўных візытаў, Галіна Лукашэнка амаль ніколі не паказваецца зь ім побач. Яе заробак складае 16 даляраў, і бальшыня яе суайчыньнікаў наўрад ці яе пазнае.

Чалавек, які пакінуў яе жыць у гэткім занядбаньні — Аляксандар Лукашэнка, аўтарытарны прэзыдэнт Беларусі. Цьвёрдалобы камуніст, ён бавіць жыцьцё ў Менску, тым часам як Галіна мусіць бедаваць у далёкай вёсцы, пад сталай аховай двух спэцназаўцаў.

Лукашэнка наведвае яе рэдка, аднак разводзіцца ня хоча. Ахоўваць ягоную жонку пачалі пасьля таго, як у некалькіх газэтах зьявіліся фатаздымкі Галіны, якая доіць карову. Прэзыдэнта гэта разьюшыла, карову Мілку ў Галіны Радзівонаўны забралі, а замест яе прыставілі двух ахоўнікаў. Суседзям настойліва парэкамэндавалі трымаць язык за зубамі.

«Заробак у мяне зусім маленькі, — скардзіцца Галіна Лукашэнка карэспандэнту SUNDAY TIMES, — Часам я атрымваю прэмію 8 даляраў, але гэта ўсё. Часам мой муж дапамагае мне, калі мне трэба купіць, тое, што я не магу, напрыклад, зімовае паліто. А так я жыву звычайным жыцьцём і ня маю прывілеяў. Праўда, я спрабую дапамагчы некаторым з тысячаў людзей, што да мяне зьвяртаюцца. У прынцыпе Лукашэнка — добры чалавек, — кажа Галіна Радзівонаўна. — Але ведаеце, як бывае — нельга быць добрым для ўсіх. Мы жывем асобна, але мы ўсё яшчэ муж і жонка.Я нічога ня ведаю пра нашыя пляны пасьля таго, як закончыцца ягоны тэрмін. І я не хачу тлумачыць чаму мы жывем так, як жывем», — сказала карэспандэнту газэты SUNDAY TIMES Галіна Лукашэнка.

Мала хто ў Беларусі наважваецца пісаць пра Лукашэнкава сямейнае жыцьцё, зазначае газэта. І ня дзіва, бо нікому ня хочацца зьнікнуць бязь сьледу, як гэта сталася з былым міністрам унутраных справаў Юрыем Захаранкам, які быў прагаварыўся, што Лукашэнка любіць назіраць за выкананьнем сьмяротных прысудаў.

Летась пагрозы атрымалі некалькі журналістаў, калі напісалі, што старэйшы прэзыдэнтаў сын Віктар застрэліў хакейнага трэнэра падчас п'янай сваркі ў адным начным клюбе. Каб яшчэ болей заціснуць прэсу і крытыкаў, Лукашэнка запрапанаваў прыняць адмысловы закон, паводле якога ўсе, хто наважыцца публічна зьняважыць прэзыдэнта, будуць асуджаныя на 5 гадоў турмы.

XS
SM
MD
LG