Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 кастрычнiка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў Менску пачаў працу Кангрэс маладзёвых арганізацыяў краінаў СНД. Адна з найбольш уплывовых маладзёвых арганізацыяў Украіны адмовілася браць удзел у Кангрэсе з палітычных матываў. Галоўнай падзеяй форуму стаў выступ Аляксандра Лукашэнкі, які стаў у пэунай ступені працягам ягонага ўчорашняга выступу ў Дзярждуме Расеі.

Кангрэс быў наладжаны беларускім дзяржаўным камітэтам у справах моладзі, былі запрошаныя прадстаўнікі маладзёвых арганізацыяў з усіх краінаў Садружнасьці. Але ўкраінскі нацыянальны камітэт маладзёвых арганізацыяў адхіліў запрашэньне.

У адпаведнай заяве камітэту адзначаецца, што прычынаю адмовы стала тое, што палітычная сытуацыя на Беларусі ня толькі далёкая ад ідэалаў справядлівасьці, але ня мае і ценю тендэнцыі да паляпшэньня. Украінскі камітэт маладзёвых арганізацыяў лічыць, што палітычная лінія дзейнага ў Беларусі рэжыму характэрызуецца элемэнтамі дыктатуры, таталітарызму й поўнага ігнараваньня Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.

Але адмова ўкраінцаў настрою арганізатараў і ўдзельнікаў кангрэсу ня вельмі сапсавала. Яны атрымалі падарунак у выглядзе выступу кіраўніка беларускае дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

У пэўнай ступені ягоны выступ выглядаў як працяг, далейшае развіцьцё ўчорашняй прамовы ў Дзярждуме Расеі. Лукашэнка йзноў прыгадваў працяглае жыцьцё грамадзян краінаў СНД у адзінай дзяржаве, заклікаў моладзь падштурхоўваць палітыкаў да інтэграцыі.

XS
SM
MD
LG