Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 28 кастрычнiка 1999 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Прыезд у Менск кіраўніка парлямэнцкае групы АБСЭ Адрыяна Севярына выканаўчае бюро Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" скарыстала дзеля таго, каб у чарговы раз зьвярнуць увагу на лёс свайго лідэра Мікалая Статкевіча, а таксама іншых удзельнікаў "Маршу Свабоды", якія зараз знаходзяцца ў турме.

У адмысловым лісьце, адрасаваным Адрыяну Севярыну выканаўчым бюро "Народнае Грамады", у прыватнасьці, гаворыцца: "Супраць Міколы Статкевіча, дэпутата Вярхоўнага Савету Валерыя Шчукіна, а таксама трох маладых актывістаў апазыцыі ўзбуджана крымінальная справа. Ім пагражае турэмнае зьняволеньне тэрмінам да трох гадоў. У знак пратэсту Мікалай Статкевіч абвясьціў галадоўку… У кантэксьце апошніх падзеяў у нашай краіне робіцца відавочным курс беларускіх уладаў на зрыў перамоўнага працэсу з апазыцыяй, на яе зьнішчэньне, аж да непасрэднай фізічнай расправы над актывістамі й лідэрамі…".

Мікола Статкевіч, як вядома, зьяўляўся адным з актыўных удзельнікаў перамоваў. І вось ён ужо дзесяць дзён у зьняволеньні ды трымае галадоўку. Як паведамілі "Радыё Свабода" у штаб-кватэры сацыял-дэмакратычнае партыі, іх лідэр пад час чарговае сустрэчы з жонкаю, якая зьяўляецца ягоным грамадзкім абаронцам, катэгарычна забараніў прыносіць яму харчовыя перадачы і зазначыў, што будзе трымаць галадоўку да апошняга.

Учора Статкевіча перавялі ў асобную камэру, што дае падставы меркаваць: улады ня хочуць, каб былі сьведкі галадоўкі.

Учора ж жонка Мікалая, Валянціна Статкевіч, больш за гадзіну мела сустрэчу з амбасадарам Злучаных Штатаў Дэніэлам Спэкгардам. Яна падрабязна расказала пра ўмовы ўтрыманьня мужа ў СІЗА, стан яго здароўя і цьвёрды намер не мяняць рашэньня наконт галадоўкі.

Амэрыканскі амбасадар паабяцаў Валянціне Статкевіч зрабіць са свайго боку ўсё, каб дапамагчы яму ды іншым палітычным зьняволеным. Спадар Спэкгард запэўніў, што амэрыканская дыпляматычная місія і Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўважліва сочаць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі.

Увесь гэты тыдзень у Нямеччыне знаходзіцца вялікая група беларускіх сацыял-дэмакратаў на чале з кіраўніком гродзенскае суполкі "Народнае Грамады" Міхалам Патрэбам. Іх знаходжаньне ў ФРН завершыцца сумеснай канфэрэнцыяй, на якой мяркуецца прыняцьцё заявы ў падтрымку Міколы Статкевіча. Лісты з асобных фэдэральных земляў Нямеччыны з выказваньнем салідарнасьці з лідэрам "Народнае Грамады" у штаб-кватэру партыі ўжо паступаюць.

XS
SM
MD
LG