Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 кастрычнiка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

(эфір 27 кастрычніка)
Сёньня а сёмай вечара ў Менск зь Вены прыляцеў кіраўнік адмысловае рабочае групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі па бясьпецы й супрацоўніцтву ў Эўропе Адрыян Севярын. Апошні раз спадар Севярын наведаў Беларусь сёлета ў ліпені.

Адрыян Севярын ужо двойчы быў у Беларусі. Апошні раз – пасьля штогадовае сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якая адбылася сёлета 10 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу. Тады сэсія прыняла адмысловую рэзалюцыю па Беларусі, у якой заклікала беларускія ўлады правесьці свабодныя дэмакратычныя выбары й дазволіць апазыцыі доступ на дзяржаўную тэлевізію і радыё. Пад час ліпеньскага візыту спадар Севярын сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і выказаў задавальненьне тым фактам, што той абяцаў зрабіць крокі дзеля наладжваньня дыялёгу з апазыцыяй.

Сёньня высокага эўрапейскага чыноўніка чакае расчараваньне. Свае абяцаньні Аляксандар Лукашэнка ня выканаў. Наступ зь ягонага боку на дэмакратычныя арганізацыі ня толькі ня зьменшыўся, але нават павялічыўся. А апазыцыя, як і раней, ня можа выкласьці свае погляды на падзеі ў краіне па дзяржаўных тэлевізіі ды радыё.

Праўда, даведацца, чаму такое адбываецца, непасрэдна з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі спадар Севярын ня будзе мець магчымасьці, паколькі сустрэча з Лукашэнкам у яго на гэты раз на прадугледжана. Свае знаходжаньне ў Беларусі Севярын пачынае з гутаркі з амбасадарамі тых краінаў ЭўраЗьвязу, якія маюць сваё прадстаўніцтва ў Беларусі. Акрамя іх, на гэтую сустрэчу запрошаныя кіраўнікі дыпляматычных місіяў Злучаных Штатаў Амэрыкі, а таксама тых краінаў, што маюць агульную мяжу з Беларусьсю – Расеі, Польшчы, Летувы, Латвіі ды Ўкраіны. Гэта ўсё, што уваходзіць у праграму першага дня візыту Севярына.

Цікава адзначыць, што адказны эўрапейскі чыноўнік пажадаў сустрэцца з экспэртамі ў сродках масавай інфармацыі, якія, як вядома, абмяркоўваюць магчымасьці доступу апазыцыі да дзяржаўных мас-мэдыя. Менавіта з гэтай прычыны сустрэча экспэртаў, якую першапачаткова плянавалі правесьці 27 кастрычніка, перанесьлі на два дні пазьней. І ўжо сёньня стала вядома пра тое, што спадар Севярын пажадаў прысутнічаць на ёй. Дарэчы, і ўрадавы бок пагадзіўся з тым, каб кансультацыі перанесьлі на 29 кастрычніка, але зь іншай прычыны. Справа ў тым, што кіраўнік урадавае групы Мiхал Сазонаў разам з Лукашэнкам вылятаў у Маскву.

Самыя высокія па рангу суразмоўцы Севярына з боку афіцыйных структураў – гэта міністар замежных справаў Латыпаў і памочнік Лукашэнкі Сазонаў. Праўда, ня выключана, што прадстаўнік АБСЭ сустрэнецца і зь Іванам Пашкевічам, але пакуль гэтая размова значыцца ў дадатку да праграмы візыту й застаецца пад пытаньнем.

Ранішні графік сустрэчаў Адрыяна Севярына 28 кастрычніка прадугледжвае сустрэчу з прадстаўнікамі Кансультатыўнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Прычым, на гэтую гутарку адводзіцца ажно тры гадзіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG