Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 кастрычнiка 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Другі дзень усе вядучыя інфармацыйныя агенцыі сьвету пачынаюць выпускі паведамленьняў навінамі зь Ерэвану, дзе ўчора тэрарысты ўварваліся у залю паседжаньняў армянскага парлямэнту і распачалі аўтаматную страляніну. Кіраўнікі дзяржаваў, палітычныя і грамадзкія дзеячы сьвету выказваюць спачуваньні з прычыны трагедыі.

Сучаснага чалавека ня зьдзівіш кадрамі насільля, і, нават, палітычных забойстваў. Але ў будынках парлямэнтаў, тым больш у залях паседжаньня, драматычныя інцыдэнты абдываюцца вельмі рэдка, бо яны, звычайна, маюць сыстэму аховы.

Аднак ў лютым 1981 году ўвесь сьвет мог назіраць, як у залю гішпанскага парлямэнту ўварваліся людзі ў ваеннай форме – як вядома, спроба ваеннага перавароту правалілася. У красавіку 95 году спецпадразьдзяленьні КГБ па загаду Лукашэнкі зьбілі дэпутатаў Апазыцыі БНФ у залі парлямэнту (відэазапіс той падзеі так і ня быў паказаны), але, перакананы, сьвет яго ўрэшце убачыць. Відэазапіс злачынства ў Ерэване – абыйшоў каналы тэлекампаніяў літаральна праз хвіліны і прымусіў сьвет здрыгануцца. Учора ўвечары выпускі навінаў вядучых сусьветных тэлекампаніяў амаль цалкам былі прысьвечаныя трагедыі ў залі армянскага парлямэнту.

Нагадаю, што ўчора чацьвёра тэрарыстаў ўварваліся ў залю паседжаньняў у той момант, калі міністар фінансаў Армэніі Лявон Бархударан адказваў на пытаньні дэпутатаў. Першай аўтаматнай чаргой быў забіты прэм'ер-міністар краіны Вазген Саркісян. Загінулі таксама сьпікер парлямэнту Карэн Дземірчан (у сямідзесятыя-васьмідзясятыя гады – першы сакратар ЦК кампартыі Армэніі), віцэ-сьпікеры Юры Бахшан і Рубэн Міраян, міністар ў аператыўных справах Леанард Петрасян і яшчэ пяць чалавек.

На працягу некалькіх гадзінаў тэрарысты ўтрымлівалі каля паўсотні закладнікаў. Будынак парлямэнту быў ачэплены міліцыяй, прэзыдэнт Робэрт Качаран вёў перамовы з тэрарыстамі ў мэтах вызваленьня закладнікаў. Раніцай тэрарысты здаліся ўладам.

Матывы злачынства вызначыць вельмі цяжка, калі грунтавацца на заявах тэрарыстаў. Адзін зь іх сказаў, што іхны ўчынак быў, цытую, "прадыктаваны імкненьнем спыніць гібель народа і аднавіць ягоныя правы". Партыя "Дашнакцютун", да якой калісьці належыў адзін з тэрарыстаў, журналіст Наіні Унанян, асудзіла злачынства.

Пры гэтым увага палітычных назіральнікаў засяроджаная на постаці забітага прэм'ер-міністра Вазгена Саркісяна. Вось як ацэньвае ягоную ролю аналітык нашага радыё у справах каўказскага рэгіёну Ліз Фуллер.

(Фуллер: ) "Вазгэн Саркісян быў, магчыма, другой паводле значнасьці і сымбалічнасьці фігурай у армянскай палітыцы. Некаторыя назіральнікі лічаць, што ён быў нават больш уплывовы, чым прэзыдэнт. У адрозьненьне ад Грузыі, дзе пасады прэм'ера ня йснуе, альбо Азэрбайджану, дзе прэм'ер займаецца выключна эканомікай, – у Армэніі прэм'ер-міністар мае велізарны ўплыў. У выпадку з Саркісянам, гэты ўплыў падмацоўваўся яшчэ і ягонай папярэдняй пасадай міністра абароны і падтрымкай арміі. Акрамя таго, ён стварыў Рэспубліканскую партыю, пераважна з вэтэранаў Карабахскай вайны, у якой Саркісян таксама браў непасрэдны ўдзел. Таму, фактычна, ён абапіраўся на два ўзброеныя магутныя фармаваньні".

Тым часам, афіцыйныя асобы ў Азэрбайджане не выключаюць, што тэракт у парлямэнце быў зьвязаны з перамовамі паміж Армэніяй і Азэрбайджанам ў справе вырашэньня Нагорна-карабахскага канфлікту.

"Я не магу выключаць таго, што гэта было ініцыявана зьнешнімі сіламі ў мэтах дэстэбілізаваць становішча ў краіне пад час перамоваў у справе Нагорнага Карабаху", – заявіў карэспандэнту агенцтва "Reuters" першы намесьнік міністра замежных справаў Азэрбайджану.

Ёсьць усе падставы меркаваць, што прэзыдэнты Армэніі І Азэрбайджану знаходзяцца блізка да мірнага вырашэньня канфлікту, які каштаваў народам больш як 35 тысячаў чалавечых жыцьцяў.

Прэзыдэнт ЗША Білл Клінтан заявіў, што асуджае, цытую, "гэты бессэнсоўны акт супраць асобаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў пабудове дэмакратыі ў сваёй краіне. У гэты час трагедыі ЗША пацьвярджаюць сваю падтрымку армянскаму народу і кіраўніцтву Армэніі"..

Свае спачуваньні выказалі практычна ўсе кіраўнікі эўрапейскіх дзяржаваў. Фінляндыя, як дзеючы кіраўнік Эўразьвязу, распаўсюдзіла адмысловую заяву, у якой асудзіла акт тэрарызму і выказала спачуваньне семьям забітых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG