Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 кастрычнiка 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Няпростая зіма чакае беларусаў: урад дазволіў прадпрыемствам ацяпляць вытворчыя памяшканьні толькі ў выключных выпадках, а батарэі ў кватэрах будуць ледзь цёплыя: тэмпэратура вады ў іх значна зьніжаная. Людзі шукаюць выйсьця з дапамогаю самаробных прыстасаваньняў, што выклікае часам надзвычайныя здарэньні.

Нормы спажываньня электраэнэргіі, уведзеныя яшчэ да пачатку ацяпляльнага сэзону, выклікалі сярод насельніцтва абурэньне. Яны вызначаныя такім чынам, што ўкласьціся ў іх звычайнай сям'і немагчыма нават ўлетку.

Цяпер канцэрн "Белэнэрга" разглядае магчымасьць павелічэньня гэтых нормаў на час халадоў. А пакуль было халодна, грамадзяне грэлі памяшканьні самаробнымі й прамысловымі абагравальнікамі ды газавымі калёнкамі.

Выкарыстаньне калёнак прывяло да масавых пажараў у кватэрах, што знаходзяцца блізу Трактарнага заводу ў Менску. Пацярпелі 18 кватэраў. З трох трэба адсяляць насельнікаў. Прычына пажару – раптоўнае падвышэньне ціску газу ў сетцы да трох атмасфэраў. Сваю віну ў здарэньні прызнала менскае прадпрыемства газавае гаспадаркі. Яно выплаціць пацярпелым грашовую дапамогу.

Што да вытворчых памяшканьняў, то яны ўзімку будуць ацяпляцца выключна ў выпадках, калі нізкая тэмпэратура паветра зробіць немагчымымі тэхналягічныя працэсы. Ліст пра гэта падпісаў намесьнік міністра прамысловасьці Дзямідовіч.

Калі меркаваць паводле інфармацыі, атрыманай на некаторых прадпрыемствах, гэтае даручэнне пачалі выконваць. На сёньня не ўключанае цяпло ў вытворчых памяшканьнях аб'яданьняў "Інтэграл" і вылічальнае тэхнікі, на электрамэханічным заводзе, заводзе аўтаматычных лініяў і заводзе колавых цягачоў.

Да прыкладу, на заводзе колавых цягачоў існуе дакумэнт, згодна зь якім тэмпэратура ў цэхах ня можа быць ніжэй за 15 градусаў.

Адсутнасьць цяпла на мінулым тыдні, калі Беларусь напаткалі маразы, рабочыя сустрэлі незадаволена. Намесьнік старшыні свабоднага прафэсійнага зьвязу заводу колавых цягачоў Фелікс Элькін, гаворачы пра стаўленьне рабочых да працы ў халодных цэхах, адзначыў:

(Элькін: ) «Халодна было, рабочыя абураліся, гаварылі ў курылках, але цярпелі. Беларускі народ цярплівы, патрэбна немаведама што, каб яны выступілі супраць. Мы будзем патрабаваць у адміністрацыі стварэньня належных умоваў дзеля працы. У мінулым годзе нашыя патрабаваньні выканалі: у цэхах было 7-10 градусаў цяпла».

Сёньня ўвечары ў гарвыканкаме сталіцы праходзіць паседжаньне штабу, на якім разглядаецца праблема ацяпленьня. У прэсавай службе выканкаму не падцьвердзілі й не абвергнулі інфармацыю пра тое, што на паседжаньні вырашаюць – ці адключаць цяпло цяпер, калі тэмпэратура на вуліцы паднялася крыху вышэй за 8 градусаў.

XS
SM
MD
LG