Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 27 кастрычнiка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора Лукашэнка заявіў, што на мінулым тыдні прэзыдэнт Украіны сустракаўся зь Сямёнам Шарэцкім. Паводле словаў беларускага кіраўніка, гэтая сустрэча адбылася пад ціскам амэрыканскага амбасадара ў Кіеве. Сёньня, як і раней, прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта абвергла інфармацыю аб самім факце сустрэчы Кучмы й Шарэцкага.

Учора пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Лукашэнка заявіў аб тым, што Захад аказвае палітычны ціск на краіны СНД. У якасьці прыкладу таго, да чаго прыводзіць падобны ціск, беларускі лідэр ўзгадаў пагаршэньне беларуска-ўкраінскіх адносінаў.

Паводле словаў Лукашэнкі, у верасьні Леанід Кучма пад ціскам заходніх краінаў адклікаў запрашэньне кіраўніку Беларусі на сустрэчу лідэраў Балта-Чарнаморскага регіёну ў Ялце.

Лукашенка таксама заявіў, што на мінулым тыдні Кучма "пад ціскам" амэрыканскага амбасадара ва Ўкраіне сустрэўся зь Сямёнам Шарэцкім. "Сустрэча была, як бы гэты факт не спрабавала прыхаваць прэсавая служба ўкраінскага лідэра", – патлумачаў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка дадаў, што мае сапраўдныя зьвесткі ў гэтым пытаньні. Паводле ягонае вэрсіі, Леанід Кучма ня быў ініцыятарам гэтае сустрэчы і нават ня быў зацікаўлены ў ёй, бо не хацеў яшчэ больш пагаршаць адносіны з афіцыйным Менскам. Але, ізноў жа паводле вэрсіі Лукашэнкі, амэрыканскі амбасадар ва Ўкраіне патлумачыў Леаніду Кучме, што ён мусіць сустрэцца са сп. Шарэцкім, каб мець амэрыканскую падтрымку. На заканчэньне свайго абвінавачваньня беларускі кіраўнік выказаў упэўненасьць, што а ні Лукашэнка, а ні Кучма ці Шарэцкі ня могуць пагоршыць добрых адносінаў паміж братэрскімі народамі.

Нагадаем, што аб сустрэчы сьпікэра Вярхоўнага Савету Беларусі з украінскім лідэрам паведаміў на мінулым тыдні сам Сямён Шарэцкі. Прэсавая служба Леаніда Кучмы адразу ж абвергла гэтую інфармацыю, паводле словаў кіраўніка гэтае службы Аляксандра Мартыненкі, "гэтая сустрэча не плянавалася і яе не было".

Сёньня сп. Мартыненка паўтарыў гэтыя словы ў адказ на маю просьбу пракамэнтаваць учарашнюю заяву Лукашэнкі. Кіраўнік прэсавае службы прэзыдэнта Ўкраіны дадаў, што Леанід Кучма ўсе рашэньні прымае самастойна, зыходзячы зь інтарэсаў Украіны, а не пад чыімсьці ціскам. Аляксандар Мартыненка падкрэсьліў, што адносіны паміж Украінаю і Злучанымі Штатамі Амэрыкі выключаюць ціск на партнэра як з боку ЗША, гэтак і з боку Украіны.

Мой суразмоўца выказаў меркаваньне, што, магчыма, беларускага кіраўніка падвялі ягоныя крыніцы інфармацыі. А на пытаньне, як маскоўскія абвінавачваньні Лукашэнкі паўплываюць на беларуска-ўкраінскія адносіны, сп. Мартыненка сказаў, што згодны з выказваньнем беларускага кіраўніка наконт таго, што адносіны Беларусі і Ўкраіны былі, ёсьць і будуць добрасуседзкімі.

Такая пазыцыя афіцыйнага Кіева. Цяжка сказаць, ці адпавядае яна рэчаіснасьці. Маі калегі – украінскія журналісты – падцьвярджаюць, што на мінулым тыдні Сямён Шарэцкі сапраўды быў ва Ўкраіне, але яны ня маюць аніякіх зьвестак аб тым, ці была ягоная сустрэча зь Леанідам Кучмам. Яны нагадваюць, што зараз украінскі кіраўнік гранічна заняты перадвыбарчай кампаніяй, і выказваюць меркаваньне, што калі Кучма й Шарэцкі ўсе ж такі сустракаліся, гэтая сустрэча была кароткай і вельмі канфідэнцыйнай.

XS
SM
MD
LG