Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 кастрычнiка 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Беларуская нацыянальная інтэлігэнцыя выказвае рашучы пратэст супроць стварэньня хаўруснай з Расеяй дзяржавы.

"Дамова пра стварэньне хаўруснай з Расеяй дзяржавы нясе пагрозу поўнае дэнацыяналізацыі беларусаў.

Падцьверджаньнем гэтаму зьяўляецца тое, што тэкст дамовы складзены на мове толькі аднае краіны – Расеі. Нас ігнаруюць ужо ў саміх намерах. Грэбаваньне моваю аднаго з суб'ектаў плянуемага "аб'яднаньня" – гэта ня толькі зьнявага, абраза беларусаў, гэта яскравае сьведчаньне сапраўдных намераў ініцыятараў дамовы. Беларусам ў плянуемым хаўрусе самастойнага мейсца не прадугледжваецца.

Цынічнае ігнараваньне мовы першага друкара ўсходніх славянаў Францішка Скарыны паказвае, як насамрэч разумеюць славянскае сяброўства аўтары дамовы – не як роўнасьць роўных, а як панаваньне аднаго над усімі".

Менавіта так расцанілі праект дамовы сябры рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня "Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны". На чарговым паседжаньні сакратарыяту таварыства яны прынялі адмысловую заяву, у якой выказалі рашучы пратэст супроць плянаў стварэньня хаўруснай з Расеяй дзяржавы.

"Мы ня хочам паўтарыць лёс шмат якіх народаў Расейскай імпэрыі, якія ў выніку дэнацыяналізацыі страцілі сваю мову, культуру, сваю адметнасьць. Мы не жадаем паміраць", – заяўляюць сябры ТБМ. І далей цытую іхную заяву: "Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны катэгарычна выступае супроць стварэньня дзяржавы, якая нясе пагрозу сувэрэнітэту й незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і непазьбежна прывядзе да заняпаду й зьнікненьня нашае роднае старажытнае мовы".

Пад гэтымі словамі сёньня можа падпісацца ўся беларуская нацыянальная інтэлігэнцыя. Гаворыць былы старшыня Зьвязу беларускіх пісьменьнікаў, вядомы паэт Васіль Зуёнак:

(Зуёнак: ) "Спрадвеку беларусы былі людзьмі дружалюбнымі. Ніхто з суседзяў папікнуць нас ня можа, што мы штосьці ў кагосьці хацелі ўрваць…Але бяда, што сёньня палітыкі, тыя, якія бяруць удзел у гэтых акцыях, менш за ўсё думаюць пра народ, пра яго будучыню, як суб'екта гісторыі, гістарычнага працэсу, як аднаго з чыньнікаў сусьветнай цывілізацыі, а больш за ўсё заклапочаныя сваім амбіцыйным памкненьнем.

Ідзе прыкрыты, а то і зусім ужо адкрыты, гандаль сувэрэнітэтам, нацыянальнымі каштоўнасьцямі, гістарычнымі пэрспэктывамі нацыі.

Вось толькі што прагучала з трыбуны Расейскай Думы гэтая самая цана, ці, прынамсі, абяцаньне цаны, сэнс якога – прныяднаўшы Беларусь, Расея будзе мець двухмільярдны прыбытак. Купляйце таварышы – і таварышы горача пляскаюць у ладкі. Толькі недалёкі чалавек можа быць супраць усталяваньня добрых адносінаў з суседзямі, але ж не цаною ўласнай дзяржавы, ня коштам яе сувэрэнітэту. З гэтым прымірыцца немагчыма, такога дапусьціць нельга. Мы працягваем руку на дружбу, але руку гаспадароў сваёй зямлі, руку дзяржаўную і сувэрэнную, а не паслугацкую".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG