Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Сёньня цэнтральная падзея дня – выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Дзяржаўнай Думе Расеі. Падчас гэтага выступу фракцыя "Яблоко" пакінула залю паседжаньня. Адзіным дэпутатам, які спрабаваў сёньня процідзейнічаць выступу Аляксандра Лукашэнкі ў Думе, быў прадстаўнік правых Сяргей Юшанкоў, за што атрымаў рэзкую заўвагу сьпікера Думы Генадзя Селязьнёва. Вось як патлумачыў Сяргей Юшанкоў сваю пазыцыю ў тэлефоннай размове з нашай рэдакцыяй у Празе.

(Карэспандэнт: ) "Як вядома, фракцыя Яблык сёньня байкатавала ўдзел у пленарным паседжаньні, на якім выступіў Лукашэнка. Тым ня менш, згодна з паведамленьнямі расейскіх сродкаў масавай інфармацыі, літаральна ўсе фракцыі, у тым ліку ў "Яблоко", выступаюць за саюз Расеі зь Беларусяй ў той або іншай форме. Ці сапраўды гэта так?"

(Юшанкоў: ) "Абмеркаваньне такога сур'ёзнага пытаньня як аб'яднаньне дзьвюх дзяржаваў павінна адбывацца з легітымным кіраўніцтвам краіны. Ні прэзыдэнт, ні парлямэнт Беларусі, наколькі я магу разумець, ня маюць легітымнасьці. Гэта першае.

Па-другое, сам праект, які быў апублікаваны, выклікае вельмі шмат пярэчаньняў і супярэчыць Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі. Я не хачу зараз аналізаваць сытуацыю, зьвязаную з эканмічнымі ўзроўнямі разьвіцьця, палітычнымі свабодамі ў Расеі і Беларусі, датрыманьнем правоў чалавека. Мне здаецца, гэта ўжо добра вядома. Але ў дадзеным выпадку, калі спыніцца на неабходнасьці трымацца права й закону, дык канечне такое імкненьне да аб'яднаньня толькі на падставе падпісаньня дамовы зь нелегітымным прэзыдэнтам, а затым – ратыфікацыя нелегітымным парлямэнтам, з майго гледзішча, стварае небясьпечны прэцэдэнт, які мае сур'ёзныя наступствы ў будучыні, калі легітымныя кіраўнікі дзьвюх краінаў могуць проста дэнансаваць падобныя пагадненьні".

(Карэспандэнт: ) "Днямі адзін з прадстаўнікоў правых сілаў, экс-прэм'ер Расеі Сяргей Кірыенка, прапанаваў правесьці рэфэрэндум на тэрыторыі шасьці вобласьцяў Беларусі аб далучэньні іх да Расеі на правах суб'ектаў Расейскае Фэдэрацыі. Як бы вы пракамэнтавалі падобныя прапановы?"

(Юшанкоў: ) "Насамрэч, так бы мовіць, д'ябал хаваецца ў драбніцах. У агульным пляне ніхто не выступае супраць інтэграцыі Расеі й Беларусі. У рэшце рэшт, Заходняя Эўропа паказала прыклады падобнага роду інтэграцыі. І калі размова ідзе пра такога роду аб'яднаньне, дык у Расеі, я думаю, праціўнікаў такго аб'яднаньня няма. Але тое, што прадстаўленае ў праекце саюзнае дамовы – дык тое, на якіх прынцыпах ён грунтуецца, выклікае вельмі сур'ёзныя пярэчаньні.

Супраць падобнага саюзу выступаюць многія – у тым ліку, і саюз правых сілаў і "Яблоко", наколькі я магу меркаваць. Дарэчы, падобнага роду аб'яднаньне стварае дадатковы галаўны боль для Расеі. Зноў жа, ня толькі з гледзішча эканамічнага, палітычнага й гэдак далей, але ж і з гледзішча разьвіцьця сэпаратызму ўнутры Расеі. Падобнага роду тэндэнцыі сёньня ясна выяўляюцца. І мне здаецца, тыя людзі, якія хочуць зрабіць як мага лепш, ня думаюць, што можа атрымацца як заўсёды.

Прапанова была выпрацаваная яшчэ сёлета ў сакавіку на сумесным паседжаньні ў Прэзыдэнт-гатэлі прадстаўнікоў "Правого дела" і прадстаўнікоў апазыцыі Беларусі. Туды былі запрошаныя афіцыйныя асобы зь Беларусі й Расеі – яны, на жаль, не прыйшлі.

Так менавіта гаварылася, што калі аб'яднаньню наканавана адбыцца, так бы мовіць, дык увайсьці ў падобны саюз Беларусь можа толькі асобнымі вобласьцямі. Тым самым усім даводзіцца да ведама, альбо дэкляруецца, што на самой справе, калі Беларусь пойдзе паводле гэткага сцэнару – дык гэта значыць, што беларускі народ не прызнае сваёй этнічнай самастойнасьці, не жадае быць у самастойнай дзяржаве, што, ў прынцыпе, немагчыма.

А калі так, усе павінны дакладна разумець – і тыя, хто ва ўладзе, і апазыцыя, і ўсе грамадзяне Беларусі, – што іншага аб'яднаньня проста ня можа быць. А калі ня можа, дык навошта імкнуцца да аб'яднаньня з Расеяй, маючы ў пэрспэктыве страту ўсялякай самастойнасьці?"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG