Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 кастрычнiка 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

(эфір 25 кастрычніка)
Вось ужо паўгады як жыхары вёскі Міцькавічы Нясьвіскага раёну змагаюцца за тое, каб да іх з райцэнтру ўлады пусьцілі аўтобус. Падобная сытуацыя – у сотнях іншых беларускіх вёсках. У беларускай правінцыі – заняпад грамадзкага транспарту.

З усіх характарыстык, якія ў розных местах Меншчыны давалі працы аўтатранспарту пасажыры, найбольш слушным падалося меркаваньне на гэты конт спадарыні Марыі зь Нясьвіжу. Між іншым, яна часта наведваецца ў згаданыя Міцькавічы да сваіх знаёмых.

(Марыя: ) "Раней, во, пры Савецкай уладзе, аўтобус у тыя Міцькавічы хадзіў кожны дзень. Па тры разы ў дзень… А цяперака, во, на папутцы толькі… Дык якая гэта, скажыце, уласьць? Так, можа, пасьля вайны было з тым транспартам…"

Спадарыня Марыя распавяла, што амаль усе жыхары Міцькавічаў вось ужо сёмы месяц запар пішуць звароты ў тутэйшы райвыканкам – просяць пусьціць у іхную вёску хоць раз на дзень аўтобусны маршрут. Хаця б дзеля малых дзяцей, якім даводзіцца сёлета пасьля скасаваньня Міцькавіцкай пачатковай школы тэпаць па восеньскай слаце за чатыры кіляметры ў суседнюю Быхаўшчанскую школу. Але раённая "вертыкаль", у тым ліку старшыня выканкаму спадар Крупец, нічога ў гэтым накірунку ня робяць. Спачатку абяцалі арганізаваць згаданы маршрут да 1 кастрычніка, цяпер абяцаюць зрабіць гэта да Новага году.

Падобныя Міцькавічы, куды, насамрэч, нібыта ў паваенны час, можна патрапіць толькі фурманкай, спадарожнай аўтамашынай, на ровары або пешкі, ёсьць у кожным рэгіёне Менскай вобласьці. Назаву толькі самыя характэрныя прыклады.

Так, пачынаючы зь лета, ня ходзіць аўтобус са Слуцку ў вёску Паўлаўка, дзе транспартныя праблемы для жыхароў узьніклі адначасова з вывадам дыслякаванай тут вайсковай расейскай часткі. Адменены маршрут і ў буйное мястэчка Вежы – цэнтар саўгасу " Слуцк".

Салігорскі аўтавакзал дзеля эканоміі бензіну таксама зьліквідаваў два аўтобусныя маршруты. А ў напрамку да вёскі Старыя Цярушкі пакінуў толькі адзін рэйс. Хаця між гэтай вёскай і Салігорскам месьціцца некалькі буйных населеных пунктаў. Усіх жадаючых выехаць у тым накірунку абслужыць аўтавакзал ня можа – маленькія "пазікі" заўжды перапоўненыя.

Пасажырам ня робяць палёгкі буйныя міжгароднія ды міжнародныя аўтобусы, якія адпраўляюцца зь Менску і не заўсёды маюць вольныя мейсцы, каб па дарозе падабраць вяскоўцаў.

Камэнтуючы гэтыя факты, намесьнік гэнеральнага дырэктара дзяржпрадпрыемства "Менскаблаўтатранс" Генадзь Аўдзеенка заявіў, што пры ўсіх цяжкасьцях у сталічнай вобласьці сёлета на 37 прыгарадных маршрутаў больш чым летась. А гарадзкіх – на тры.

Тым ня меней, зь ягоных словаў вынікала, што станоўчы балянс у гэтай статыстыцы да канца году можа зьмяніцца на адмоўны. Прычына ў тым, што ўся сістэма пасажырскага аўтатранспарту ў краіне сёньня і ня рынкавая, і не сацыялістычная. Так, аўтатранспартнікаў нацэльваюць на тое, каб яны існавалі за кошт пасажыраў. Але ў той жа час прадпрыемствы церпяць страты ад перавозак ільготнікаў, якіх у краіне налічваецца паўсотні катэгорыяў, і якія плоцяць за білеты або палову кошту, або ня плоцяць наогул нічога. Асабліва шмат ільготнікаў сярод вясковага насельніцтва, якое, як вядома, у асноўным сталага веку. Вось чаму для "Менскаблаўтатрансу " адкрываць новыя прыгарадныя маршруты, асабліва ў аддаленыя вёсачкі, нявыгадна.

Ня мае права " Менскаблаўтатранс" самастойна ўсталёўваць і кошты на білеты. Трэба чакаць, калі іх перагледзіць высокапастаўленае начальства. Падобныя перагляды адбываюцца рэдка, яны, як правіла, не пасьпяваюць за інфляцыяй і аўтатранспартнікі губляюць дзясяткі мільярдаў рублёў. А тут яшчэ не хапае грошай, каб набыць паліва-змазачныя матэрыялы, новыя машыны, запчасткі.

Тым ня меней, дзяржава праз датацыі зь мясцовых бюджэтаў абавязана падтрымліваць жыцьцяздольнасьць аўтобусных паркаў. Але звычайна гарвыканкамы згаданыя датацыі выдаткоўваюць не па прызначэньні і рэдка калі даюць транспартнікам столькі грошай, колькі патрэбна для справы. У выніку церпяць заробкі кіроўцаў аўтобусаў.

Дзеля эканоміі транспартнікам даводзіцца ісьці на самыя непапулярныя крокі і ў адносінах да пасажыраў, і ў адносінах да сваіх работнікаў.

Між іншым, пра адзін з такіх крокаў мне расказаў актывіст суполкі Незалежнага прафсаюзу ў салігорскім аўтапарку
№ 1 Уладзімер Рабы. Адміністрацыя на некаторых аўтобусах усталявала кіроўцам дзвюхгадзінны абедзенны перапынак. Пакуль шафёр сілкуецца, ягоны аўтобус, якога так чакаюць на прыпынках пасажыры, стаіць, каб эканомілася паліва. Да таго ж, за дадатковую абедзенную гадзіну ня трэба плаціць кіроўцу.

XS
SM
MD
LG