Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 кастрычнiка 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

(эфір 25 кастрычніка)
Беларусы ўжо пачалі адчуваць, што ўраджай сёлета быў сабраны дрэнны. Увечары нават у менскіх крамах складана набыць хлеб. Спажыўцу відавочна, што якасьць хлеба зьніжаецца. Дзеля забесьпячэньня краіны зернем, нават, была прызначаная спэцыяльная "апэратыўная група", якая зьбіраецца кожны тыдзень..

Здаецца, што закупы збожжа сеньня зьяўляюцца адной з найбольш закрытых тэмаў. Ані чыноўнікі ўраду, ані прадстаўнікі камітэту па хлебапрадуктах не адказваюць на пытаньні аб тым, колькі Беларусі спатрэбіцца купляць збожжа за мяжой і колькі на гэта спатрэбіцца грошай.

Аднак падлічыць гэта ня вельмі складана. Вядома, што ўраджай збожжа сёлета быў фантастычна малым. У Беларусі было сабрана толькі 3.7 мільена тонаў збожжа і зернебабовых, у той час як плянавалася сабраць больш за 6 мільёнаў тонаў. Патрэбы Беларусі складаюць каля 10 мільёнаў тонаў збожжа.

Частку збожжа плянуецца купіць ў межах краіны, частку – за ейнымі межамі. Паводле меркаваньняў незалежных экспэртаў, за мяжой прыйдзецца набыць каля 3 мільёнаў тонаў збожжа. А гэта значыць, што на гэтыя мэты краіне прыйдзецца выдаткаваць больш за 300 мільенаў даляраў.

Ва ўрадзе мне паведамілі, што неабходныя валютныя сродкі былі знойдзеныя. Дапамогу аказвалі Нацыянальны і камэрцыйныя банкі. Да таго ж, матэрыяльна-тэхнічныя сродкі былі выдаткаваныя Міністэрствам эканомікі і Міністэрствам прамысловасьці. Яны выдзелілі тавары, якімі па бартэры будуць плаціць за зерне.

Супрацоўнік Камітэту па хлебапрадуктах у размове з карэспандэнтам Радые Свабода адмовіўся распавесьці, колькі збожжа ўжо было закуплена. Ен сказаў толькі, што закупы працягваюцца як у Беларусі, гэтак і за яе межамі.

У той жа час супрацоўнік аграпрамысловага дэпартамэнту ўраду паведаміў, што пытаньні аб закупках збожжа ў краінах далёкага замежжа яшчэ толькі разглядаецца. Каб напрыканцы кастрычніка разглядаць пытаньні аб тым, дзе купляць зерне, трэба мець вельмі моцныя нэрвы. Большасьць краінаў ужо зрабіла неабходныя закупкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG