Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 кастрычнiка 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 25 кастрычніка)
"Малады Фронт" выступае за адзінства Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне". Напярэдадні маючае адбыцца другое сэсіі шостага зьезду БНФ "Малады Фронт" выпрацаваў праект далейшых дзеяньняў, накіраваных на тое, каб БНФ захаваў адзінства..

Сёньня лідар "Маладога Фронту" Павал Севярынец прыйшоў на сустрэчу з журналістамі адзін. "За гэтым сталом магло б сядзець больш людзей. Але частка маіх калегаў затрыманая, іншыя вымушаны хавацца," –зазначыў Павал Севярынец.

Не зважаючы на рэпрэсіі, "Малады Фронт" рыхтуецца да маючае адбыцца другой сэсіі шостага зьезду Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне". Нядзельным вечарам адбылося паседжаньне Цэнтральнае рады "Маладога Фронту". Цягам чатырох гадзінаў актывісты арганізацыі абмяркоўвалі прает дакумэнту, які, у выпадку ягонага прыняцьця на зьездзе, мусіць стаць праграмай далейшых дзеяньняў.

Дакумэнт называецца "БНФ – 2000. Адзінства – Перамены – Моладзь!". "Падзеі 17 кастрычніка ды іхныя наступствы, а таксама новая хваля рэпрэсіяў, – гаворыцца ў дакумэнце, – павінны яшчэ мацней задзіночыць і мабілізаваць Беларускі Народны Фронт".

У дакумэнце зазначаецца, што надзённыя пагрозы й пэрспэктыва двухтысячнага году даюць зразумець: паасобку нам ня выстаяць.
Гаворыць лідар Маладога Фронту Павал Севярынец.

(Севярынец: ) "Малады Фронт" захаваў сваю пазыцыю, паводлое якой ён, паміж гэтымі двума вагнямі, двума групамі, якія зараз спаборнічаюць у Фронце, захаваў сваю пазыцыю – пазыцыю аб'яднаўчую. Мы ня лічым, што нехта мае рацыю. Мы маем пазыцыю прымірэньня, аб'яднаньня. Краіна ў нас адна, нацыя адна, і таму Беларускі Народны Фронт павінен быць адзіны".

"Малады Фронт" гатовы выступіць пасярэднікам ва ўрэгуляваньні супярэчнасьцяў, што існуюць унутры БНФ. Малады Фронт прапануе правесьці пагаджальныя кафэрэнцыі і выпрацаваць прымальныя формы супольнае дзейнасьці.

Адзіны БНФ, на думку "Маладога Фронту", патрабуе карэннага ідэалягічнага рэфармаваньня. Так, кіраўніцтва Фронту мусіць быць калегіяльным. У Паліткамітэт, што плянуецца утварыць, павінны ўваходзіць прыкладна дванаццаць дзеючых аўтарытэтных лідараў Фронту. Акрамя гэтага, "Малады Фронт" прапануе аднавіць грамадзкі Габінэт міністраў.

Значную ўвагу "Малады Фронт" надае ідэалёгіі. "Сам дух БНФ "Адраджэньне", – гаворыцца ў праекце, – патрабуе аднаўленьня". "Галоўнае зараз – гэта сфармуляваць і сыстэматызаваць беларускую нацыянальныю ідэю. Пры гэтым сутнасьцю нацыянальнага руху павінны стаць хрысьціянскія каштоўнасьці".

Пра пэрспэктывы другой сэсіі шостага зьезду БНФ гаворыць Павал Севярынец.

(Севярынец: ) "Мы вельмі спадзяемся, што з нашай дапамогай удасца знайсьці паразуменьне. Мы вельмі спадзяемяся на тое, што здольныя гэта зрабіць".

Другая сэсія шостага зьезду БНФ мае адбыцца ў гэтыя выхадныя. Павал Севярынец лічыць, што у любым выпадку яна стане лёсавызначальнаю. Паводле ягоных словаў, гэта – апошні шанец для задзіночаньня, альбо крок да падзелу Беларускага Народнага Фронту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG