Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 кастрычнiка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Ня выключана, што 1-2 лістапада адбудзецца візыт у Беларусь прадстаўнікоў «кіруючай тройкі» ЭўраЗьвязу. Пра гэта паведаміў амбасадар Францыі ў Беларусі Бэрнар Фасье.

«Кіруючая тройка» ЭўраЗьвязу – гэта краіна, якая старшынюе у Эўрапейскім Зьвязе (зараз гэта Фінляндыя), краіна якая будзе старшыняваць наступнай (гэта Партугалія), і Эўрапейская камісія – інстытуцыя, якая ажыцьцяўляе эканамічную каардынацыю дзейнасьці сябраў Зьвязу.

Апошні раз прадстаўнікі кіраўніцтва ЭўраЗьвязу наведвалі Беларусь сёлета ў сакавіку. Тады прадстаўнікі афіцыйнага Менску абяцалі пайсьці на пэўную лібэралізацыю ў абмен на аднаўленьне эканамічнага супрацоўніцтва з Эўропаю.

Неўзабаве пасьля гэтага быў распачаты перамоўны працэс паміж ўладаю і апазыцыяй у Беларусі, што давала надзею на паляпшэньне сытуацыі. Але падзеі апошніх месяцаў зрабілі пэрспэктыву пазытыўных зьменаў вельмі туманнай.

Варта адзначыць, што, нягледзячы на высокі аўтарытэт іншых эўрапейскіх арганізацыяў, як бы мовіць, «грашыма Эўропы» распараджаецца менавіта ЭўраЗьвяз. Таму ня выключана, што будучы візыт у Беларусь «кіруючай тройкі» ЭўраЗьвязу – ці не апошняя спроба Эўропы паўплываць на беларускія улады, выкарыстоўваючы «пернік».

Невыпадкова, што гэты візыт адбудзецца адразу ж пасьля прыезду ў Менск кіраўніка рабочай групы парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына, аднаго з архітэктараў перамоўнага працэсу паміж ўладаю і апазыцыяй. Магчыма, суразмоўцы з ЭўраЗьвязу змогуць надаць дадатковую пераканаўчасьць аргумэнтам сп. Севярына.

Паведамляецца, што дзяржавы «кіруючай тройкі» ЭўраЗьвязу будуць прадстаўленыя ў дэлегацыі на ўзроўні дырэктараў дэпартамэнтаў МЗС адпаведных краінаў. Чакаецца, што на працягу двух дзён яны правядуць сустрэчы, як з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску, гэтак і з апазыцыяй.

Пра некаторыя дэталі плянуемага візыту прадстаўнікоў ЭўраЗьвязу паведаміў францускі амбасадар Бэрнар Фасье. Фінляндыя, якая зараз старшынюе ў ЭўраЗьвязе, ня мае амбасады ў Беларусі, яе інтарэсы ў краіне прадстаўляе Францыя.

Сп. Фасье падкрэсьліў, што наведваньне Беларусі прадстаўнікамі кіраўніцтва ЭС ўжо двойчы пераносілася. Паводле ягоных словаў, нават прызначаны на 1-2 лістапада візыт пакуль знаходзіцца пад пытаньнем. Канчатковае рашэньне наконт прыезду прадстаўнікоў ЭўраЗьвязу пакуль не прынятае, яно залежыць ад дзеяньняў беларускага боку.

Амбасадар Францыі заявіў, што верагоднасьць таго, што візыт ня будзе йзноў перанесены, узрасьце ў тым выпадку, калі беларускія ўлады зробяць захады па стварэньні атмасфэры ўзаемнага даверу й наладжваньня дыялёгу.

XS
SM
MD
LG