Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 кастрычнiка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

А ні беларусаў, а ні расейцаў не чакае нічога добрага, калі будзе падпісаная дамова аб стварэньні хаўруснае дзяржавы. Такія высновы зробленыя сябрамі Нацыянальнага выканаўчага камітэту – ценевага ўраду Беларусі – на пасяджэньні, якое адбылося 26 кастрычніка.

На пасяджэньні былі прынятыя "Заява да насельніцтва Беларусі" й "Зварот да дэпутатаў Дзяржаўнае Думы Расейскай Федэрацыі". У абодвух дакумэнтах зьвяртаецца ўвага на надзвычай пасьпешлівы характар падрыхтоўкі дамовы да падпісаньня. І гэта невыпадкова, паколькі менавіта такім чынам можна схаваць усе падводныя камяні, што ёсьць у праекце.

Насельніцтву Беларусі, да прыкладу, пагражае абавязковае ўцягваньне беларускіх юнакоў у ваенныя канфлікты на тэрыторыі Расеі. Дамова адчыняе дарогу ў Беларусь расейскаму ценеваму капіталу й крыміналу. Калі Беларусь ператворыцца ў адну з частак Расеі, яна будзе фінансавацца з Масквы паводле рэшткавага прынцыпу.

Увага дэпутатаў Дзяржаўнае Думы засяроджваецца на тым, што яшчэ 20 ліпеня скончыўся пяцігадовы канстытуцыйны тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. І гэтую рэальнасьць прызнае сусветная супольнасьць – у прыватнасьці, АБСЭ, ЭўраЗьвяз, Рада Эўропы.

Аднак Лукашэнка адмаўляецца праводзіць прэзыдэнцкія выбары. Гэтак званы "Нацыянальны сход" створаны неканстытуцыйным шляхам. Такім чынам, канстатуецца ў звароце – "цяпер а ні Лукашэнка, а ні "Нацыянальны сход" ня маюць паўнамоцтваў падпісваць і ратыфікаваць ад імя народа міжнародныя пагадненьні, якім зьяўляецца хаўрусная дамова".

У абодвух дакумэнтах падкрэсьліваецца й тое, што Ельцын і Лукашэнка, якія выступаюць зь ініцыятываю падпісаньня Дамовы, маюць свае ўласныя мэты й інтарэсы. Але яны спрабуюць схаваць іх праз гэтак званае "ўсенароднае абмеркаваньне" праекту. Але ж добра вядома – вынікамі такога абмеркаваньня можна карыстацца так, як каму захочацца.

На пасяджэньні Нацыянальнага выканаўчага камітэту была заслуханая і інфармацыя Аляксандра Саснова пра сёлетнія вынікі сацыяльна-эканамічнае палітыкі беларускіх уладаў.

Вось некалькі красамоўных лічбаў. У верасьні тарыфная стаўка першага разраду з усімі надбаўкамі, даплатамі й датацыямі складала толькі 27,7 адсотка мінімальнага спажывецкага бюджэту. І нават тарыфная стаука апошняга, 28-га разраду складала толькі 78,7 адсотка такога бюджэту.

Паводле Аляксандра Саснова, міт пра рост заробкаў, які стварае афіцыйная прапаганда, дэманструе хутчэй вынікі намаганьняў дзяржаўнае статыстыкі, а не аб'ектыўную рэальнасьць.

XS
SM
MD
LG