Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 кастрычнiка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Місія Міжнароднага Валютнага Фонду, якая зараз знаходзіцца ў Беларусі, сёньня наведала Нацыянальны Банк. На сустрэчы з прадстаўнікамі МВФ кіраўніцтва Банку на чале зь Пятром Пракаповічам расказала пра грашова-крэдытную палітыку Беларусі ў 2000 годзе..

Публічна бакі на сёньняшняй сустрэчы выказалі ўзаемную задаволенасьць разьвіцьцём сувязяў. У прыватнасьці, кіраўнік місіі Міжнароднага Валютнага Фонду Томас Вульф ад імя сваёй арганізацыі даў станоўчую ацэнку плянам беларускіх уладаў распачаць, нарэшце, лібэралізацыю валютнага рынку ў краіне.

Ў сваю чаргу, старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч падзякаваў Фонду за апэратыўную рэакцыю на просьбу наведаць Беларусь. Нагадаю, менавіта Пракаповіч напрыканцы верасьня ў Вашынгтоне зьвярнуўся да кіраўніцтва МВФ з прапановай неадкладнага аднаўленьня двухбаковых стасункаў.

Беларусь, паводле ягоных словаў, усьвядоміла памылковасьць ранейшай палітыкі і зьбіраецца ўнесьці ў яе радыкальныя зьмены. Пра сутнасьць гэтых меркаваных зьменаў і дакладаў сёньня замежным гасцям расказаў Старшыня Нацыянальнага Банку.

Прадстаўнікі беларускага боку заявілі, што краіна мае намер адмовіцца ад адміністрацыйнага рэгуляваньня фінансавай сфэры і ўжо напрыканцы 2000 году зьбіраецца займець канвэртаваны нацыянальны рубель. Інакш кажучы, місіі Міжнароднага валютнага фонду была прадстаўленая праграма жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі ў краіне на наступны год.

Паводле гэтай праграмы, у 2000 годзе Беларусь, у прыватнасці, ня будзе друкаваць пустых грошай. Аграрны комплекс і жыльлёвае будаўніцтва не атрымаюць ільготных крэдытаў. А золатавалютныя запасы краіны ўжо ў сярэдзіне году вырастуць да памераў у 400-500 мільёнаў даляраў.

Што тычыцца золатавалютных рэзэрваў, дык на сёньняшні дзень Нацыянальны Банк мае ўсяго 50 мільёнаў даляраў. Банк спрабаваў ужо зараз пачаць назапашваць валюту, аднак, як прызнаў напрыканцы мінулага тыдня Пётар Пракаповіч, гэты працэс давялося адкласьці. Бо краіна, заявіў ён, мае вялікую патрэбу ў збожжы і нафце, набыцьцё якіх за мяжою і "зьядае" грошы.

Ў экспэртаў МВФ, што гэтымі днямі будуць дэталёва аналізаваць дакумэнт Нацыянальнага Банку, трэба меркаваць, узьнікне лягічнае пытаньне: "Хіба Беларусь у наступным годзе ня будзе мець патрэбы ў згаданых таварах?"

Рэч у тым, што, паводле прагнозаў спэцыялістаў, у 2000 годзе краіна не пазбавіцца ані нафтавага , ані збожжавага дэфіцыту. Як і сёлета, іх змякчэньне запатрабуе значных валютных рэсурсаў. У выніку, меркаваная праграма жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, паводле гэтых прагнозаў, пацерпіць крах, а Міжнародны Валютны Фонд у чарговы раз сутыкнецца зь невыкананьнем Беларусьсю сваіх абавязальніцтваў.

Дарэчы, Пётар Пракаповіч паведаміў, што пацяпленьне адносінаў з МВФ афіцыйны Менск разглядае як сваю стратэгічную палітыку. Паводле ягоных словаў, задачу пацяпленьня зьбіраецца вырашаць ня толькі Нацыянальны Банк, але й Міністэрства замежных справаў.

Зьнешнепалітычнаму ведамству, сказаў Пракаповіч, даручана па дыпляматычных каналах працаваць над урэгуляваньнем палітычных стасункаў із ЗША ды Эўрапейскім Саюзам, якія зьяўляюцца галоўнымі фундатарамі Міжнарожнага Валютнага Фонду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG