Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 кастрычнiка 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Зноў раскапаныя брацкія магілы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах, лясным урочышчы пад Менскам, якое стала вядомым напрыканцы 80-х гадоў ды зрабілася сымбалем памяці пра гады бальшавіцкага генацыду. Аднак не для ўсіх. Толькі сёлета – гэта ўжо чацьверты акт вандалізму ў Курапатах.

Дзесяць вялікіх глыбокіх ямаў з вывернутымі нагару парэшткамі чалавечых целаў, кавалкамі абутку, адзеньня, дробнымі бытавымі рэчамі, ўбачылі сябры "Мартыралёгу Беларусі", калі ў мінулую сыботу, 23 кастрычніка, прыйшлі ў Курапаты, каб як заўжды напярэдадні дзён памяці продкаў, прыбраць тут.

Давялося аднак ня проста прыбіраць, але зьбіраць раскіданыя па навакольлі чарапы ды косткі, каб перазахаваць іх. Гэта жахліва, – распавядала мне сябра "Мартыралёгу Беларусі" Мая Кляшторная, – нам давялося цэлы дзень зьбіраць парэшткі й вялізнымі мяхамі ссыпаць іх у ямы. А ямы былі да двух мэтраў глыбінёю па тры, пяць ды болей метраў удоўжкі ды амаль па столькі ж – ушыркі. А было ж нас каля трыццаці чалавек, сярод якіх многа дужых маладых хлопцаў.

Гэты акт вандалізму у мейсцы масавай згубы людзей ня першы тут. Толькі сёлета магілы ў Курапатах дзікуны раскопвалі ужо тройчы. Але сябры "Мартыралёгу…" не перастаюць зьдзіўляцца цынізму гэтага злачынства.

Пра вынікі гэтага злачынства сёньня нагадваюць сьвежыя надмагільныя надпісы ды акт сяброў "Мартыралёгу…", які яны склалі, каб перадаць у Камітэт па ахове гісторыка-культурных каштоўнасьцяў пры Міністэрстве культуры з просьбай хадайнічаць перад пракуратураю аб узбуджэньні крымінальнае справы па факце чарговага злачынства ў Курапатах.

Такія акты ды заявы яны складаюць пасьля кожнага такога злачынства і па адным зь іх сёлета ў ліпені крымінальная справа ўзбуджаная. Сьледства вядзе раённы аддзел унутраных справаў Менскага раёну, на тэрыторыі якога знаходзіцца ўрочышча Курапаты. Аднак пра стараньне сьледства ў справе пошукаў вандалаў сьведчыць той факт, што ніводнага з сябраў "Мартыралёгу", чые подпісы стаяць пад актам пра раскоп магілаў напярэдадні Радаўніцы, па якім і узбуджаная крымінальная справа, да гэтага часу ня быў запрошаны ў следчыя ворганы дзеля дачы паказаньняў.

Ня выключана, што гэткая самая рэакцыя чакае і гэты зварот грамадзкасьці, хаця цяпер фармальна ўжо ёсьць з каго спытаць за парадак на мейсцы масавай згубы людзей.

Так паводле ўрадавага рашэньня 93-га году названае Курапацкае ўрочышча вызначанае тым жа рашэньнем як гісторыка-культурная каштоўнасьць першае катэгорыі ды ўзятая пад ахову дзяржавы. Ахова ўскладзеная на Бараўлянскіх міліцыянтаў, якія мусяць пэрыядычна наведвацца ў Курапаты, Якая гэта пэрыядычнасць, нявызначана канкрэтна, і таму Бараўлянскіх міліцыянтаў ніхто ніколі не сустракаў на месцы злачынства.

Праўда бываюць у Курапатах лясьнікі Менскай лесапаркавай гаспадаркі, зь якою Міністэрства культуры заключыла дамову на ўтрыманьне ў парадку гэтае тэрыторыі, Аднак парадак тут ранейшы.

XS
SM
MD
LG