Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 кастрычнiка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Напярэдадні выступу А. Лукашэнкі ў Дзярждуме Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Беларусі зьвярнуў увагу расейскіх дэпутатаў на нелегітымнасьць цяперашніх беларускіх уладаў. Паводле даручэньня Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету Беларусi 13-га склiканьня намесьнiк Старшынi ВС Генадзь Цярэня ў панядзелак 25 кастрычнiка зьвярнуўся зь лiстом да дэпутатаў Дзяржаўнай Думы Расiйскай Федэрацыi.

Напярэдаднi выступленьня ў Дзярждуме Аляксандра Лукашэнкi i падпiсаньня беларуска-расейскай Дамовы аб стварэньнi саюзнай дзяржавы, Прэзiдыюм ВС звяртае ўвагу на тое, што "любыя адказныя рашэньнi дзяржаўнага ўзроўню павiнны прымаць толькi канстытуцыйныя, легiтымныя органы ўлады, а не адыёзныя палiтычныя банкруты".

У заяве падкрэсьлiваецца, што з 21 лiпеня 1999 года Лукашэнка незаконна ўтрымлiвае прэзыдэнцкую ўладу. Для ягонага курсу характэрныя "бяскантрольнасьць i адыход ад якой-небудзь асабiстай адказнасьцi, а таксама практыка двайных стандартаў: толькi сiлавое вырашэньне ўнутрыпалiтычных праблемаў, фальсiфiкацыя i скажэньне рэальнай сiтуацыi...".

Аўтары заявы зьвяртаюць увагу сваiх расейскiх калег на тое, што Беларусь за час праўленьня Аляксандра Лукашэнкi зь лiку саюзных рэспублiк былога СССР, якiя найбольш дынамiчна разьвiваюцца, ператварылася ў адну з самых адсталых па ўзроўнi i працягласцi жыцьця краiну з архаiчнымi канстытуцыйнай i палiтычнай сiстэмамi, прымiтыўнымi мэханiзмамi кiраваньня эканомiкай.

У заключэньнi дакумэнту асаблiва зьвяртаецца ўвага дэпутатаў Дзярждумы на тое, што Вярхоўны Савет Рэспублiкi Беларусь 13-га склiканьня "нiколi ня быў прынцыповым працiўнiкам iнтэграцыi дзвюх дзяржаў у межах агульнапрынятых сусьветных правiлаў i стандартаў".

Зварот, разам з iнфармацыйным паведамленьнем ВС пра становiшча ў Беларусi, а таксама дайджэстам беларускай прэсы аб апошнiх падзеях у краiне, складзе блёк матэрыялаў, якiя мяркуецца распаўсюдзiць у сценах Дзярждумы.

Усе пытаньні зараз у тым, як гэта зрабiць. Нагадаем, што левая большасьць Думы адмовiла беларускiм дэпутатам у магчымасьцi выступiць у якасьцi апанэнтаў Лукашэнкi з парлямэнцкае трыбуны. Таму мяркавалася, што некалькi беларускiх дэпутатаў ВС паедуць у Маскву на запрашэньне думскiх фракцыяў.

Аднак пасьля таго, як фракцыя "Яблоко" паведамiла, што яна пакiне Думу, падчас выступу Лукашэнкi, узьнiклi пэўныя цяжкасьцi. Да таго ж, у аўторак, 26 кастрычнiка, нiжэйшая палата расейскага парлямэнту будзе разглядаць праект бюджэту Расейскай Фэдэрацыi на 2000 год.

Таму, як паведамiў сёньня Генадзь Цярэня, якi ў адсутнасьць Шарэцкага i Ганчара кiруе ў Менску працай парлямэнту, есьць два варыянты: альбо расейскiя фракцыi ўсё ж прышлюць запрашэньне, альбо прыйдзецца абмежавацца толькi перадачай у Думу ўжо згаданага блёку матэрыялаў.

Есьць i трэйцяя прапанова – запрасiць прадстаўнiкоў расейскага парлямэнту ў Менск, каб яны ўбачылi, што тут адбываецца на самай справе. Але гэта, зразумела, можа адбыцца пазьней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG