Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 кастрычнiка 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

На сёньняшні дзень 5 чалавек знаходзяцца пад арыштам за ўдзел у "Маршы Свабоды". Наглядальнікі і сьледчыя не выключаюць, што колькасьць арыштаваных і асуджаных будзе павялічаная за кошт тых асобаў, якіх апазнаюць па відэаздымках маршу..

На розныя тэрміны адміністрацыйнага арышту быў асуджаны 21 чалавек. Тыя асобы, якія атрымалі 5 і 7-дзённае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, зараз ужо вызваленыя. На 5 сутак былі асуджаныя 9 чалавек. Яны выйшлі з турмы у пятніцу. Яшчэ двое выйшлі з прыёмніка-разьмеркавальніка ўчора. Па стане на панядзелак за яго кратамі пакуль знаходзяцца трое асуджаных на 10 сутак: Яўген Лугін, Анатоль Лябедзька і спадар Кірылёнак. Яшчэ трое – Гюнтэр, Снагель і Слышкін – адбываюць 15-дзённае адміністрацыйнае пакараньне.

Па выніках судовых паседжаньняў 18 чалавек атрымалі папярэджаньні і 19 былі аштрафаваныя. Вядома таксама пра 6 адкладзеных справаў.

Больш за дзясятак скаргаў на зьбіцьцё міліцыянтамі было пададзена ў праваабарончую арганізацыю "Вясна-96". Яшчэ адна арганізацыя – "Прававая дапамога насельніцтву" –накіравала ў пракуратуру 11 заяваў з фактамі зьбіцьця людзей. Афіцыйная тэлевізія тым ня менш паведамляе, што ніхто з удзельнікаў "Маршу Свабоды" па мэдычную дапамогу не зьвяртаўся.

Пад вартаю у якасьці меры стрыманьня на сёньня знаходзяцца 6 чалавек. Яшчэ раней яна была ўжытая да кіраўніка сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча, дэпутата Валерыя Шчукіна і трох студэнтаў – Германа Сушкевіча, Андрэя Валабуева і Глеба Догеля. Учора яна была санкцыянаваная адносна прадпрымальніка, які працаваў на Чэрвеньскім рынку, Антона Лазарава. Падрабязнасці нашаму радыё паведаміў сябра "Вясны-96" Валянцін Стэфановіч. Ён ня выключыў, што затрыманьне адбылося па выніках прагляду відэаздымкаў маршу, зробленых міліцэйскімі аператарамі. Магчымасць гэтага пацвярджаюць і ў пракуратуры.

Нагадаем, што сьледства па справе 17 кастрычніка вядзе сьледча-апэратыўная група пад кіраўніцтвам начальніка сьледчага аддезлу па асабліва важных справах пракуратуры Менску.

У гэты ж час "Вясна-96" заявіла пра дапамогу ў аплаце штрафаў, вынесеных судамі ўдзельнікам маршу. У гэтай працэдуры арганізацыя сутыкнулася з неправамоцнымі дзеяньнямі судовых выканаўцаў. Некаторыя зь іх патрабавалі тэрміновай аплаты часткі шматмільённага штрафу, накладзенага судом. У выпадку адмовы выказвалася пагроза апісаньня маёмасьці. Гэтая пагроза была ўжытая адносна рабочага аднаго з заводаў Лявона Садоўскага.

XS
SM
MD
LG